Лібійцы правядуць сьледзтва ў справе сьмерці Кадафі

Мустафа Джаліл, старшыня Нацыянальнай пераходнай рады ў Лібіі, заявіў журналістам, што Рада вырашыла стварыць сьледчую камісію ў справе сьмерці Муамара Кадафі 20 кастрычніка.

Урады ЗША, Вялікабрытаніі і праваабарончыя арганізацыі заклікалі часовыя ўлады ў Лібіі расьсьледаваць сьмерць былога кіраўніка краіны, якога паўстанцы ўзялі ў няволю параненым, але жывым.

Акрамя таго, Human Rights Watch, праваабарончая арганізацыя зь Нью-Ёрку, зьвярнулася да Нацыянальнай пераходнай рады расьсьледаваць сьмерць 53 прыхільнікаў палкоўніка Кадафі ў Сірце, апошнім бастыёне былога рэжыму. Паводле Human Rights Watch, целы 53 чалавек, шмат якіх мелі зьвязаныя рукі, былі знойдзеныя на мінулым тыдні ў атачэньні пустых гільзаў у родным горадзе Кадафі.