Вязьні калёніі ўхвалілі адмову Эдуарда Лобава пісаць прашэньне

Эдуард Лобаў

З актывістам «Маладога фроту» Эдуардам Лобавым сустрэлася ў Івацэвіцкай калёніі ягоная маці Марына Лобава. 17 кастрычніка Марына Лобава вярнулася са спатканьня і паведаміла:

«Спатканьне было доўгатэрміновым, такім чынам, быў час пагаварыць. Сын расказаў, што вязьні калёніі ўхваляюць ягоную адмову пісаць прашэньне аб памілаваньні. «Калі не вінаваты, то ў чым каяцца?» — кажуць яны. Канечне, ёсьць і такія, якія зьдзіўляюцца. Бо яму дастаткова напісаць прашэньне з прызнаньнем віны — і выйсьці на волю. Некаторыя ў такой сытуацыі не сумняваліся б, што рабіць. Але тут справа прынцыпу, і сын не здаецца. Сказаў гэтак: «Ня цешу сябе ілюзіямі, што хутка адпусьцяць — каб не было цяжэй. Калі трэба будзе, адсяджу і да канца тэрміну».

Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве, якое, паводле суду, ўчыніў разам зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам 18 сьнежня 2010 году. Актывісты сваёй віны не прызналі і заявілі пра правакацыю спэцслужбаў, зьвязаную з выбарамі. У івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы», дзе адбывае пакараньне Эдуард Лобаў, яму ўжо некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але актывіст адмаўляўяся.