Праваабаронцы папярэджваюць пра небясьпеку для грамадзтва

Прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі выступілі з заявай, у якой выказваюць заклапочанасьць шэрагам прапанаваных зьменаў у заканадаўстве.

Як адзначаецца ў заяве, гэтыя зьмены «маюць відавочна антыправавы характар, скіраваныя на празьмернае абмежаваньне правоў і свабод грамадзянаў, перашкаджаюць нармальнаму грамадзкаму дыялёгу і распальваюць канфрантацыю ў Беларусі.»

У заяве адзначаецца што зьмены ў закон “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь” значна пашыраюць паўнамоцтвы спэцслужбаў, робяць іх бескантрольнымі і фактычна ставяць іх па-над законам.

У заяве таксама гаворыцца:

«Як стала вядома, ініцыяваньне зьменаў у Законы “Аб палітычных партыях”, “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, у Крымінальны кодэкс і ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях было зьдзейсьненае Саветам міністраў яшчэ ў чэрвені бягучага году. Адсутнасьць грамадзкага абмеркаваньня гэтых надзвычай важных актаў, а таксама іх прыняцьце непразрыстым і непублічным парадкам ёсьць яшчэ адным сьведчаньнем неправавога характару гэтых паправак, прыняцьце якіх не было выклікана аб’ектыўнымі патрэбамі грамадзкага жыцьця.»

Падпісанты заявы папярэджваюць, што зьмены ў законы ставяць пад пагрозу вяртаньне краіны на шлях нармальнага разьвіцьця і заганяе яе ў стан самаізаляцыі. «Прыняцьце такога рэпрэсіўнага заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, створыць у краіне атмасфэру страху, падштурхне грамадзтва да радыкалізму і зробіць немагчымым канструктыўны грамадзкі дыялёг.» Адказнасьць за гэта праваабаронцы ўскладаюць на распрацоўшчыкаў закону, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі.

Падпісанты заявы, сярод іншага заклікаюць Аляксандра Лукашэнку адмовіцца ад падпісаньня спрэчных законапраектаў, а Канстытуцыйны суд - скарыстацца правам канстытуцыйнага кантролю дзеля прадухіленьня парушэньня канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў.

Заяву падпісалі:

Людміла Гразнова, Праваабарончы альянс
Алег Гулак, РПГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт”
Уладзімер Колас, Рада беларускай інтэлігенцыі
Жана Літвіна, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Марыя Мартысевіч, РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”
Сяргей Мацкевіч, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў
Вольга Смалянка, Цэнтар прававой трансфармацыі
Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтар “Вясна”
Аляксей Шэін, Грамадзкая ініцыятыва “За свабоднае веравызнаньне”
Аляксандар Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў