Лукашэнка: трэба інвэстара абдымаць, цалаваць

На нарадзе ў пытаньнях рэалізацыі інвэстпраектаў у Менску кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў гарадзкія ўлады і мэра Мікалая Ладуцьку.

"Добрыя і нашы гарадзкія ўлады, іншыя органы і структуры. Бюракратызм, асабліва ў Менгарвыканкаме, сёньня пышна квітнее", — заявіў Лукашэнка.

"Прызначаючы новага старшыню выканкаму і накіроўваючы туды кіраўніка адміністрацыі і міністра ўнутраных спраў як людзей прэзыдэнта, якія павінны былі бачыць, што там адбываецца, я спадзяваўся, што атрымаю канкрэтную аддачу. Але ўсё наадварот: той бюракратызм, які вы разьвялі ў Менгарвыканкаме, мяне насьцярожвае. Гэта мне трэба скаргі выслухоўваць ад інвэстараў, што тое не зрабілі своечасова, гэта гарвыканкам не дазволіў. Зацьвердзіце адзін праект і не перашкаджайце людзям працаваць. Зьдзеклівае стаўленьне да людзей. Замежнікі прывезьлі грошы, будуюць, а іх паўгода трымаюць у прыёмнай. Гэта што? Вы такім чынам выкручваеце рукі, намякаеце, каб яны (інвэстары) хабар вам далі?" — заявіў Лукашэнка.

Ён згадаў, што Масква "дае 40% расейскага бюджэту, мільярды даляраў. Вось што такое сталіца для краіны", перадае Інтэрфакс.

Лукашэнка заявіў, што ў яго было жаданьне "вечарам гарвыканкам зачыніць, а раніцай усіх адправіць на вуліцу і набіраць новы склад гарвыканкаму. Мы паглядзелі на ўсіх паверхах вашай працы: бюракратызм жудасны, зь людзьмі размаўляць ня ўмееце".

Ён адзначыў, што ў яго раней была размова з старшынёй Менгарвыканкаму з гэтай нагоды.

"Але я яшчэ раз паўтараю: ня дай бог, не патлумачыце па гэтых інвэстпраектах і будзеце распавядаць, што ў гэтым ня ваша віна. Ня дай бог, надалей пачую хоць адну скаргу — наракайце на сябе, там будзе новы старшыня гарвыканкаму", — адзначыў Лукашэнка. Ён запатрабаваў ад кіраўніка Менску разабрацца са сваімі памагатымі і намесьнікамі.

"Што гэта за наплявацельскае стаўленьне да людзей? Я на гэта глядзець спакойна не магу".

Паводле Лукашэнкі, "сумна, што кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта і міністар унутраных спраў, адказныя за горад, гэтага ня бачаць. І ўрад таксама закрывае вочы. Валакіта, зацягваньне часу. Ды цяпер трэба інвэстара абдымаць, цалаваць, вадзіць за руку па Менску, каб ён працаваў. Ён жа валюту вязе сюды".