У Бабруйску канфіскавалі ўлёткі да «Народнага сходу»

У офісе Бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі канфіскавалі агітацыйныя матэрыялы па правядзеньні ў Бабруйску «Народнага сходу» і «Антыкрызіснай партыйнай праграме».

Пра гэта паведаміў старшыня арганізацыі Віктар Бузінаў. Падставай вобшуку міліцыя назвала тое, што на сядзібе нібыта друкуюцца незаконныя матэрыялы.

Бузінаў: «Кіраваў вобшукам намесьнік начальніка ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйску Андрэй Малахаў. Складзены пратакол канфіскацыі друкаваных матэрыялаў. Вобшук Малахаў назваў аглядам памяшканьня. Канфіскавалі ўсё, што было ў офісе. Зразумела, у іх зьявілася інфармацыя, што мы зьбіраемся правесьці „Народны сход“ у Бабруйску, і яны такім чынам вырашылі запалохаць аргкамітэт і блякаваць распаўсюд інфармацыі пра сход па горадзе».

Паводле пратаколу канфіскавана 4600 улётак і брашураў. Як заявілі Бузінаву міліцыянты, канфіскаванае вернуць пасьля экспэртызы, калі там ня будзе крамолы. Адбудзецца гэта прыкладна праз два тыдні.