Рыгор Васілевіч гаворыць пра гарантыі

Рыгор Васілевіч

Карэспандэнту "Свабоды" удалося датэлефанавацца да адпраўленага ў адстаўку з пасады генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча.

Камэнтуючы сваю адстаўку з пасады, Рыгор Васілевіч заявіў:

"Гэта рашэньне кіраўніка дзяржавы. Гэта яго паўнамоцтва, і ён вырашае гэтае пытаньне. Вось і ўсё, што я магу вам сказаць".

На пытаньне, чым будзе займацца спадар Васілевіч далей, ён адказаў:

"Далей, можа, выкладчыцкая праца. Пабачым. Пакуль трэба асэнсаваць і прыняць рашэньне".

На пытаньне, ці не шкадуе Рыгор Васілевіч, што пакідае такую пасаду, і ці не было гэта для яго нечаканым, ён сказаў:

"Ведаеце, за тры з паловай гады шмат чаго зроблена і ёсьць пэўныя станоўчыя вынікі. Але ёсьць, відаць, і праблемы, над якімі трэба працаваць".

Аднак адчувалася, што ў спадара Васілевіча не было асаблівай ахвоты размаўляць.

Цягам дня ён доўга не здымаў тэлефон, а потым, мабыць, проста ўключаным паклаў яго на стол. Відаць, ён яшчэ знаходзіўся ў кабінэце. Чуўся ягоны голас: "А калі б вы паглядзелі, якія гарантыі ёсьць для гэтых асобаў, якія пайшлі ў адстаўку?".