У палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі пагоршылася здароўе

Зьміцер Бандарэнка застаецца у турэмным шпіталі, у яго пагоршылася здароўе. Андрэй Саньнікаў абураны далейшым утрыманьнем за кратамі Зьмітра Бандарэнкі. Андрэя Саньнікава і Міколу Статкевіча прымушаюць пісаць зварот аб памілаваньні. Дзьмітрыя Вуса абмяжоўваюць у тэлефанаваньнях. Зьміцер Дашкевіч працягвае галадоўку пратэсту.

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка застаецца ў турэмным шпіталі пасьля апэрацыі на хрыбетніку. Учора зь ім сустрэліся адвакат і жонка Вольга. Яна і паведаміла «Свабодзе», што здароўе ў Зьмітра пагоршылася:

«Размаўлялі стоячы, бо ён ня можа сядзець, ён увесь час абапіраўся на калена. Сказаў, што са здароўем стала горш. Я заўважыла, што калі ідзе, то валачэ нагу — чапляецца за падлогу — гэта пальцы правай нагі сталі горш працаваць. Мяркую таму, што калі ён быў у пятым шпіталі, то яму рабілі электрастымуляцыю і яму было лепш, а цяпер бяз гэтай працэдуры пагоршала. Баліць грудная клетка і калені апухлі. Таксама сказаў, што ня можа піць асьпірыну, бо ў яго ж яшчэ праблема і са страўнікам. Таму вялікі гемаглябін, а гэта вельмі густая кроў і верагоднасьць тромбу».

Сустрэчу з адвакатам сёньня меў экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Ірына Халіп:

«Ніякіх тэлефонных званкоў яму не дазвалялі, хоць паводле правілаў унутранага распарадку асуджаныя маюць права тройчы на месяц тэлефанаваць дахаты. Яшчэ Андрэй распавёў адвакатцы, што нумар „Народнай волі“ за аўторак, дзе было надрукаванае маё з Андрэем інтэрвію пра праблемы асуджаных, пра тое, як адміністрацыя парушае правы асуджаных, увесь гэты нумар, а газэту выпісваюць вельмі многія ў калёніі, адміністрацыя канфіскавала. Ніхто не атрымаў гэтага нумару, і ўсё ж нейкі адзін асобнік зараз ходзіць па руках. Андрэй вельмі рады, што многіх людзей вызвалілі, але быў абсалютна разьюшаны, што сярод вызваленых няма Дзімы Бандарэнкі. Сказаў, што выпускаць людзей паводле прынцыпу гуманнасьці і не ўключыць у гэты сьпіс Дзьмітрыя зь ягонымі праблемамі са здароўем — гэта проста зьдзек з прынцыпаў гуманнасьці».
Выпускаць людзей паводле прынцыпу гуманнасьці і не ўключыць у гэты сьпіс Дзьмітрыя зь ягонымі праблемамі са здароўем — гэта проста зьдзек з прынцыпаў гуманнасьці.

Яшчэ адзін экс-кандыдат на прэзыдэнта, Дзьмітрый Вус, днямі тэлефанаваў дахаты і паведаміў, што адміністрацыя Магілёўскай турмы, дзе ён адбывае пакараньне, увяла новыя абмежаваньні на кантакты з роднымі, паведаміла жонка палітвязьня Яўгенія Вус:

«Патэлефанаваў ён мне ў нядзелю і паведаміў, што зараз яны маюць права не на пэўную колькасьць тэлефанаваньняў, а адбываецца гэта неяк паводле жэрабя: выцягваюць, і каму не пашанцуе, ня выцягне ніводнага разу, то цягам месяца ці двух можна ніводнага разу і не патэлефанаваць».

Карэспандэнтка: «Ці ведае ён аб вызваленьні 11 палітвязьняў?»

«Ня ведаю, бо пасьля гэтага ні ліста, ні тэлефанаваньня не было. Але думаю, што ведае, бо ён жа газэты атрымлівае: «Нашу ніву», «Народную волю» я яму выпісала і, здаецца, «Советскую Белоруссию».

Карэспандэнтка: «Вы яе таксама выпісалі?».

«Не, „Советской Белоруссии“ я яму дакладна не выпісвала, ня ведаю, адкуль яна ў яго».

Таксама абмежаваны ў кантактах яшчэ адзін кандыдат на прэзыдэнта, Мікола Статкевіч. Адміністрацыя шклоўскай турмы забараняе яму тэлефанаваць жонцы, шлюб зь якой не аформлены юрыдычна. Тым ня менш стала вядома, што на Міколу Статкевіча ізноў пачаўся ціск з патрабаваньнем пісаць ліст аб памілаваньні, кажа Марына Адамовіч:

«Калі вы заўважылі, то ўсе, каго вызвалілі, паведамілі, што на іх пачалі ціснуць у пятніцу-суботу. Ёсьць зьвесткі, што ад суботы пачалі моцна ціснуць і на Міколу. Нават ня кажучы аб прашэньні аб памілаваньні, бо гэта было б недарэчна і сьмешна — напішы хоць што-небудзь. Проста асабіста зьвярніся — самае галоўнае. У гэтым сэнсе Шклоўская калёнія сапраўды вельмі адметная ў сваім імкненьні выслужыцца і нежаданьні бачыць далей за свой нос».

Нявеста лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка паведаміла, што Зьміцер ужо чацьвёрты дзень трымае галадоўку пратэсту. Ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары, і ніякай інфармацыі ад яго няма.