Рэпэтыцыя на Беларускай валютна-фондавай біржы

Тэставыя таргі на асноўнай і дадатковай сэсіях Валютна-фондавай біржы пройдуць 8 верасьня. Пачатак а 15-й гадзіне.

Дату і час вызначыў Нацыянальны банк.

У Нацбанку БелТА заявілі, што тэставыя таргі пройдуць з усталяваньнем фіксінга. Пры такім рэжыме курс вызначаецца ў момант супадзеньня сумарных заявак на куплю і продаж валюты, якія паступілі раней ад удзельнікаў сэсіі.

На навучальных таргах 8 верасьня можна ў тэставым рэжыме набываць і прадаваць даляры ЗША, эўра, расейскія рублі, швайцарскія франкі. На дадатковай сэсіі – яшчэ польскія злотыя і літоўскія літы.

Прадстаўнікі НБ адзначылі, што мэта тэставых таргоў ня вызначыць курсы валютаў, а "максымальна дакладна адрэгуляваць тэхнічныя аспэкты" працы дадатковай гандлёвай сэсіі.

Дадатковую сэсію на БВФБ плянуецца правесьці 15 верасьня.

30 жніўня на нарадзе па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ад сярэдзіны верасьня на БВФБ будуць праходзіць дадатковыя сэсіі, дзе ўдзельнікі змогуць свабодна набываць замежную валюту.