Беларускае пытаньне абмяркуюць на саміце Эўразьвязу ў Сопаце

  • БелаПАН
Сустрэча міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу ў польскім Сопаце праходзіць 2—3 верасьня. Як паведамляе сайт МЗС Польшчы, міністры абмяркуюць працэс мірнага ўрэгуляваньня на Блізкім Усходзе, сэсію Генасамблеі ААН, што мае адбыцца ў верасьні, а таксама "сумесныя намаганьні па падтрымцы дэмакратычных працэсаў у краінах паўднёвага і ўсходняга суседзтва ЭЗ".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, заўтра кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў ЭЗ абмяркуюць вынікі сустрэчы міністра замежных спраў Баўгарыі Мікалая Младэнава з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, што адбылася на мінулым тыдні ў Менску. Пра вынікі сустрэчы Младэнаў пісьмова паінфармаваў сваіх калег у краінах Эўразьвязу і Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Ён, у прыватнасьці, паведаміў, што беларускі прэзыдэнт паабяцаў вызваліць чатырох палітвязьняў да канца гэтага тыдня, а ў дачыненьні да яшчэ двух — зьняць абвінавачаньні. Усіх астатніх палітвязьняў Лукашэнка паабяцаў вызваліць у пачатку кастрычніка. Акрамя таго, адзначалася ў лісьце Младэнава, Лукашэнка паабяцаў правесьці круглы стол з апазыцыяй для абмеркаваньня будучыні краіны.

Нефармальныя сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ праводзяцца кожныя паўгода для абмеркаваньня актуальных міжнародных пытаньняў.