Штэфан Фюле: Сур’ёзны дыялёг патрабуе вызваленьня і рэабілітацыі палітзьняволеных

Штэфан Фюле

Прапанову Аляксандра Лукашэнкі пра круглы стол з апазыцыяй пракамэнтавала нашаму радыё прэсавае бюро Штэфана Фюле, камісара Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва. За подпісам Анкі Падурару, прэс-сакратара Штэфана Фюле, мы атрымалі наступную заяву:

«Мы адзначылі ўчорашнюю прапанову прэзыдэнта Лукашэнкі ў часе публічнага выступу, у якой ён выказаў сваю гатовасьць правесьці круглы стол аб сытуацыі ў краіне. Акрамя гэтай дэклярацыі, на дадзены момант мы ня маем іншых дэталяў адносна магчымых умоваў такога «круглага стала».

Кажучы агульна, любы сур’ёзны дыялёг паміж урадам і палітычнай апазыцыяй у Беларусі аб сытуацыі ў краіне патрабуе вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў.

Эўразьвяз спадзяецца, што ўчарашняя ініцыятыва прэзыдэнта Лукашэнкі зьяўляецца знакам, што Беларусь гатовая разгледзець сытуацыю ў краіне згодна з заклапочанасьцю, выказанай у высновах Рады Эўразьвязу 31 студзеня і 20 чэрвеня.

Эўразьвяз па-ранейшаму бачыць будучыню Беларусі як дэмакратычнай краіны, якая займае належнае ёй месца ў эўрапейскім супрацоўніцтве. Мы працягваем сачыць за сытуацыяй і гатовыя рэагаваць належным чынам».