Грошы Беларусі адмаўляюцца даваць нават саюзьнікі

Беларусь пакуль не атрымае другога траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС з-за невыкананьня забавязаньняў.

Тэрміны выдзяленьня Беларусь 400 мільёнаў даляраў другой часткі крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС могуць быць перанесеныя, лічыць адзін з кіраўнікоў Эўразійскага банку разьвіцьця Дзьмітры Красільнікаў. Чакалася, што грошы прыйдуць у Беларусь да канца кастрычніка.

Красільнікаў патлумачыў, што Беларусь пакуль так і ня выканала ніводнага з забвязаньняў перад Антыкрызісным фондам, якія брала на сябе, калі прасіла крэдыт. Яны тычыліся структурных рэформаў эканомікі. Першую частку - 800 мільёнаў з трохмілярднага крэдыту - Беларусь атрымала ў канцы чэрвеня. Аднак дагэтуль так і «не праведзеная уніфікацыя абменнага курсу, не стабілізаваная сытуацыя з рэзэрвамі, не адноўлены давер насельніцтва да нацыянальнай валюты», - зазначыў Красільнікаў.

"Палітыка беларускіх уладаў заганяе ўглыб хваробы эканомікі краіны, і калі Менск ня будзе выконваць абавязаньняў, прынятых пры атрыманьні крэдыту ЭўрАзЭС, яго ўмовы могуць быць перагледжаны ў лістападзе", - заявіў у ліпені міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

Тым часам намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Сяргей Дубкоў сёньня прызнаў, што «на гэты момант крэдытаваньне застаецца адзінай рэальнай крыніцай фінансаваньня эканомікі».