Азараў: Украіне беларускі варыянт не пасуе

Прэм'ер-міністар Украіны Мікалай Азараў заявіў, што беларускі варыянт супрацоўніцтва з Расеяй у газавай сфэры Кіеву не пасуе.

"Беларусь ідзе сваім шляхам, Украіна ідзе сваім шляхам", — сказаў прэм'ер, камэнтуючы магчымае супрацоўніцтва Ўкраіны з Расеяй у газавай сфэры па беларускім варыянце, паведамляе РИА Новости.

Кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер напярэдадні заявіў, што разьвіцьцё супрацоўніцтва Расеі і Ўкраіны ў газавай сфэры магло б будавацца па той жа мадэлі, што і зь Беларусьсю.

"Газпрому" належыць 50% акцый беларускага газатранспартнага прадпрыемства "Белтрансгаз", цяпер вядуцца перамовы аб куплі яшчэ 50%.

Украіна пакуль беспасьпяхова дамагаецца перагляду газавых пагадненьняў з Расеяй, лічачы іх нявыгаднымі.

У Маскве 15 жніўня прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін дамовіліся, што Беларусь з 2012 году будзе атрымліваць расейскі газ са зьніжкай.

"У Расеі прынята рашэньне з наступнага году ўвесьці ў газавую формулу для Беларусі інтэграцыйны паніжальны каэфіцыент", — сказаў Пуцін.