Прэм'ер Літвы шкадуе і выбачаецца ў сувязі з затрыманьнем Бяляцкага

Андрус Кубілюс

Прэм'ер Літвы Андрус Кубілюс называе сытуацыю, калі Мін'юст Літвы перадаў афіцыйнаму Менску банкаўскія дадзеныя праваабаронцы Алеся Бяляцкага, непаразуменьнем, аб якім даводзіцца шкадаваць.

"Дадзена вельмі ясная ацэнка — даводзіцца шкадаваць аб такім непаразуменьні і выбачыцца перад Бяляцкім і яго сямейнікамі", — сказаў па тэлефоне BNS прэм'ер Літвы, які цяпер зь візытам у Швэцыі.

Ён адзначыў, што Літва, нягледзячы на гэтае непаразуменьне, будзе падтрымліваць дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі.

"У гэтым ніхто не павінен сумнявацца", — сказаў Кубілюс.

Літва і Польшча папрасілі прабачэння, што перадалі афіцыйнаму Менску дадзеныя пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага. Абедзьве краіны адзначылі, што інфармацыя прадстаўлялася на падставе двухбаковых дамоваў і не было падазрэньня, што гэтыя дадзеныя могуць быць выкарыстаны дзеля палітычных рэпрэсій.