Арцём Грыбкоў: "Пра Лукашэнку ў турмах меркаваньні адназначныя"

Арцём Грыбкоў

Арцём Грыбкоў, якога вызвалілі з Бабруйскай калёніі паводле памілаваньня, распавёў пра настроі ў месцах зьняволеньня.

"Як мне сядзелася? Ды як можа быць ў турме? Усякага хапала, але трымаўся. Большасьць часу за кратамі я правеў на Валадарцы, а ў Бабруйскай калёніі – два тыдні ў карантыне ды тры дні ў атрадзе. Толькі пасьпеў разаслаць ложак – ідзі на волю. Адміністрацыя, канешне, за намі пільна сачыла, былі, як той казаў, пад калпаком. А людзі – гэта ўжо ад чалавека залежыць, як ты там сябе паставіш, так і будуць адносіцца. Да мяне ставіліся нядрэнна. Увогуле да нас ставіліся як да палітычных. Такі паказьнік: усе былі вельмі рады, што нас адпраўляюць дамоў. Да Лукашэнкі і ўвогуле да ўлады ставяцца адназначна – няма пра што і казаць. Эканамічную сытуацыю ацэньваюць праз свае праблемы: кошты ў атаварцы падняліся ўдвая, адсюль і стаўленьне. Вельмі незадаволеныя і хвалююцца, што будзе яшчэ горш".

Карэспандэнт: "На судзе пракурор і судзьдзя выкарыстоўвалі інфармацыю, паводле якой вы раней злоўжывалі алькаголем. Да гэтай акалічнасьць вярталіся зноў і зноў. Як гэта пракамэнтуеце?"

"Што тут зробіш – ім пад руку папалася інфармацыя, што я калісьці быў заўважаны з келіхам піва ды чаго мацнейшага і яны пачалі гэта падкрэсьліваць. Канешне, адзін беспрацоўны, адзін алькаголік, адзін невядома хто, адзін звольнены з шэрагаў міліцыі – вось вам і калектыўны партрэт сучаснага чалавека, які нешта разумее і гатовы змагацца за свае погляды. "

У адным з лістоў з турмы Арцём Грыбкоў, які захапляецца гітарай і сам піша вершы, дасылаў на волю свае вершы на беларускай мове, як ён сам сказаў, на "патрыятычную тэму". Гэтыя вершы, аднак, не былі прапушчаныя турэмнай цэнзурай.