Былы судзьдзя Гары Паганяйла: "Вызваленьне можа адбыцца заўтра ці нават сёньня"

Гары Паганяйла

Як адбываецца працэдура вызваленьня памілаванага вязьня? З гэтым пытаньнем "Свабода" зьвярнулася да былога судзьдзі, вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы.

"Адразу, як прыняты ўказ, яго мусяць накіраваць у месца зьняволеньня. Улічваючы, што гаворка пра ўказ першай асобы ў дзяржаве, яго могуць і, відаць, мусяць адправіць фэльд'егерскай поштай. Як толькі ўказ дайшоў у калёнію, памілаванага чалавека мусяць вызваліць. Таму вызваленьні мусяць пачацца заўтра, 12 жніўня, ці нават сёньня. Вядома, трэба ўлічыць ноч, ці можа чалавек увечары дабрацца дадому, але ўсё роўна — як мага хутчэй".

Карэспандэнт: "Афіцыйна сказана, што памілаваныя тыя, хто напісаў прашэньне і прызнаў сваю віну. Як вы думаеце, гэта дакладна так? Былі ж зьвесткі, што вязьні адмаўляюцца пісаць прашэньні аб памілаваньні?".

"Пэўна, ня ўсе ж адмовіліся. Людзей доўга ўгаворвалі, ціснулі на іх, казалі: напішы, і ўсе твае праблемы скончацца. Нехта мог і напісаць, і па-чалавечы іх можна зразумець".

Карэспандэнт: "Памілаваны — гэта значыць чалавек цалкам вольны, ці, можа, зьмененая толькі мера стрыманьня?".

"Збольшага памілаваньне — гэта вызваленьне цалкам, але ўмовы пэўныя могуць быць. Гэта можна зразумець з тэксту ўказу: на якіх умовах, як, калі. Мяркую, нездарма мы гэтага тэксту і ня бачым. Магчыма, людзі раскажуць самі, на якіх умовах іх вызвалілі, а магчыма, і не захочуць. Паглядзім".

Звычайна палітычных апанэнтаў у Беларусі вызваляюць датэрмінова. Так, у жніўні 2008 году выйшаў на волю экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які адбыў за кратамі 2 гады і 5 месяцаў з 5,5 года, якія яму прызначыў суд. Датэрмінова выходзілі на волю палітвязьні Міхаіл Марыніч, Сяргей Парсюкевіч, Андрэй Кім, Андрэй Клімаў, Сяргей Скрабец, Зьміцер Дашкевіч. Як кажа Аляксандар Казулін, ён быў вызвалены з турмы не на падставе ўказу аб памілаваньні, бо не падаваў адпаведнага прашэньня. Большасьць вызваленых палітвязьняў таксама кажуць, што не пісалі прашэньняў аб памілаваньні.