У "Франсабанку" ліст міністру замежных спраў называюць падробкай

У беларускім ААТ "Франсабанк" назвалі дэзінфармацыяй паведамленьні пра сваю датычнасьць да паставак Беларусьсю зброі пакістанскім групоўкам.

У ААТ "Франсабанк" заявілі, што публікацыя ў інтэрнэце пра тое, што нібыта банк займаецца фінансавым суправаджэньнем зьдзелак па пастаўках Беларусьсю зброі пакістанскім тэрарыстычным групоўкам, — дэзынфармацыя.

ААТ "Франсабанк" і "Франсабанк С.А.Л." (Лібан) вядомыя сваёй законапаслухмянасьцю і захаваньнем асноўных банкаўскіх традыцый, да таго ж банкі заўсёды прытрымліваюцца законных прынцыпаў вядзеньня бізнэсу", — заявілі Інтэрфаксу ў ААТ "Франсабанк".

Камэнтуючы нібыта разьмешчаны ў інтэрнэце ліст кіраўніка "Франсабанк С.А.Л." (Лібан) міністру замежных спраў Беларусі, прадстаўнік банку заявіў, што "ліст спадара Адэля Касара быў падроблены і зьяўляецца абсалютнай дэзінфармацыяй".