Гамарджоба, генацвале! Ч.1. Тбілісі.

Тры гады таму пачаўся збройны расейска-грузінскі канфлікт. Яго вынікам стала поўная страта ўладамі Грузіі кантролю над тэрыторыяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, дагэтуль акупаваных Расеяй. І ўладныя чыноўнікі, і шараговыя грузіны востра перажываюць наступствы няроўнай вайны "карліка з гігантам", але вымушаныя жыць ва ўмовах пасьляваеннай дадзенасьці.

Першае знаёмства з краінай, як водзіцца, пачынаецца зь лётнішча. Пэрсанал ветлівы, вытрыманы, ніякага выварочваньня сумак і ператрусаў. Адрэстаўраваны і мадэрнізаваны, заўсёды шматлюдны аэравакзал Тбілісі тым больш кантрастуе з пазбаўленым жыцьця менскім субратам. Але гэта і апошняе месца, дзе інфармацыйныя надпісы дублююцца па-ангельску. Спэцыфічны альфабэт даводзіцца вучыць на хаду.

Аэрапорт

Адмыслова пракладзеная чыгуначная нітка зьвязвае аэрапорт з цэнтрам Тбілісі. Калі на таксі дарога ў горад каштуе ў эквіваленце 10 даляраў, то квіток на цягнік — 50 тэтры, што крыху больш за 30 цэнтаў. Але ўльтрасучасны вакзал мала стасуецца зь цягніком: той ціхаходны і досыць брудны, а ўначы яшчэ і зусім пусты — нягледзячы на тое, што людзей у Тбілісі прылятае шмат. Усё ж народ аддае перавагу камфорту, а ня таннасьці.

Cучасны чыгуначны вакзал у аэрапорце…

Чыгуначны вакзал нядаўна аднавілі. Палову плошчаў займаюць крамы вядомых брэндаў. Амаль адразу ж напамін пра Беларусь — "буцік" менскай "Мілавіцы". Але адлегласьць паміж лоскам і "дном" — умоўная. Пошук камэры захоўваньня прывёў у закінуты падземны пераход. Уласна "камэра" — паўцёмны склеп памерам з кухню. Багаж складуецца наўпрост пры сьцяне. "Квіткі" —агрызак паперы з надпісам ад рукі. Цяжка паверыць, што ўсё "пад кантролем", але сумняваўся дарма: у Грузіі шмат што трымаецца на даверы.

Рэкляма "Мілавіцы"

Камэра захоўваньня

"Рэвалюцыя ружаў" зьмяніла аблічча Тбілісі. На станцыі мэтро "Тавісуплебіс Маэдані" ("Плошча Свабоды") — "ружовае" сьведчаньне разьвітаньня зь мінулым. На месцы помніка Леніну ўзносіцца праца Зураба Цэрэтэлі — залатая скульптура сьвятога Георгія, апекуна ўсіх грузінаў. Адным з новых сымбаляў гораду — футурыстычны пешаходны мост. Асабліва канструкцыя ўражвае ўначы, калі неверагодным чынам пачынае зьзяць. У "касьмічным выкананьні" і будынак батанічнага саду. Яшчэ ў паветры, пры падлёце да Тбілісі, зьвяртаеш увагу: падсьвечваецца кожны варты будынак, кожны помнік. Гэта асаблівы "пункцік" прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.

Сьвяты Георгі

Напамін пра рэвалюцыю ружаў

Сучасны пешаходны мост

У Тбілісі шмат жабракоў. Вакзалы, рынкі, цэрквы — адлюстраваньне агульнай сытуацыі. Стаяць, сядзяць і ляжаць маладыя і старыя, сапраўдныя хворыя і яўныя сымулянты. Бальшыня просіць дапамогі моўчкі, але некаторыя дэманструюць свае таленты. Так, адзін дзед досыць бяздарна рваў струны на "пхандуры" (адсюль, дарэчы, перайначаная "бандура"), але стараньні мелі плён — зарабіў. А потым падышоў сярэдніх гадоў мужчына, запусьціў руку ў дзедаву "скарбонку" і адлічыў буйныя манэты. Драбязу пакінуў "на развод". Жабракоў таксама "крышуюць"?

Кожны зарабляе, як можа

"Разынка" Тбілісі — "італьянскія дворыкі". Нават за прыстойным фасадам на праспэкце Руставэлі можа хавацца абсалютна свой сьвет — са сьмела разьвешанай бялізнай, ледзь не вэртыкальнымі лесьвіцамі і паўсюдным духам нейкай смакаты. Да нядаўняга часу грузінскія сем'і рэдка разьяжджаліся нават у межах квартала, і кожнае новае пакаленьне прыбудоўвала да бацькоўскага жытла катушкі неймавернай канструкцыі. На чым трымаюцца гэтыя "асіныя гнёзды" — пытаньне. Падаецца, выключна на чэсным слове.


"Італьянскія" дворыкі

Але сапраўдны хаос не ў дварах, а на дарогах. Анархія з трафікам — ці ня першае ўражаньне. Асноўная дэталь аўтамабіля — гукавы сыгнал. Без клаксона на дарозе няма чаго рабіць: ні павітацца са знаёмым, ні падбадзёрыць разяву-турыста. Па сутнасьці, Тбілісі — гэта Каір у мініятуры. Пешаходаў ніхто не заўважае. Нават калі ўдаецца патрапіць на пераход, абсталяваны сьвятлафорам, гэта ня значыць, што вас прапусьцяць. Мінакі, адпаведна, таксама плююць на правілы дарожнага руху і ходзяць хто як. І паліцэйскія глядзяць на гэта як на "нацыянальную адметнасьць".

Паліцэйскія назіраюць, але не перашкаджаюць

У патоку можна сустрэць нават вясёленькі кэб

Грузін можа ня мець кватэры, але наяўнасьць аўто — абавязковая. Але калі за савецкім часам прыкметай дастатку была шостая мадэль "Жыгулёў", а паказьнікам найвышэйшай статусу — "Волга", то цяпер пасьпяховасьць сапраўднага грузіна вымяраецца навізной мадэлі "Мэрсэдэсу". Іншыя маркі проста не ў пашане. Дарэчы, з-за лібэральнай мытнай палітыкі машыны абсалютна даступныя: мыта на самыя папулярныя аўто 2000—2005 гадоў — 50 тэтры за см3, мыта за машыну з 2-літровым рухавіком — 600 даляраў.

Чарга з "Мэрсэдэсаў" ля царквы

Нумар можна выбраць на ўласны густ

Грузіны надзвычай набожныя. Пасажыры грамадзкага транспарту, едучы побач з царквой, пачынаюць дружна хрысьціцца. Крамы з рэлігійнай літаратурай, іконамі, сьвечкамі сустракаюцца гэтак жа часта, як кавярні. Абсалютная бальшыня храмаў збудавана многія стагодзьдзі таму, але ёсьць і навабуды: побач з прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй узьведзеная самая вялікая грузінская царква. Але якія б ні былі яны ў памеры і часе, іх зьнешняя форма аскетычная і лёгка пазнавальная. А вось грузінскі крыж — непаўторны, з загнутымі ўніз канцамі. Паводле легенды, вінаградная лаза, зь якой быў зроблены першы крыж, урэшце завяла і прыспусьціла галінкі.

Галоўны праваслаўны храм Тбілісі

Грузінскі крыж — непаўторны

Крама іконаў і рэлігійнай літаратуры

Грузінская кухня авеяна легендамі і мае на гэта права. Пасьля дэгустацыі харчо ўжо ня верыцца, што ў некага хапіла нахабства гэтак назваць распушчальнае месіва ў пакеціках. Хінкалі — дальнія сваякі пяльменяў, мяшэчкі зь цеста з разнастайнай начынкай. Трымаць хінкаліну трэба за хвосьцік, сёрбаючы сок, у якім плавае мясны, сырны ці грыбны фарш. Хачапуры — гарачая булка з сырнымі інгрэдыентамі. Хачапуры па-аджарску: у "лодачку" разьбіваецца сырое яйка, кідаецца ладны кавалак масла, і на сырнай падушцы ўсё даходзіць да кандыцыі. Булку трэба ламаць з бакоў і мачаць. На дэсэрт — арэхавая чурчхэла ці круглякі засушанага соку.

Хачапуры па-аджарску

Сапраўдны грузінскі шашлык

Хаатычны гандаль — адметнасьць грузінскай сталіцы. Гандлююць усім і ўперамешку — дыванамі, касмэтыкай, выпечкай, садавіной і г.д. Былую краму "Дзіцячы сьвет" цяпер называюць "Срэбны сьвет". Тут ідзе бойкі продаж каштоўных мэталаў. Атмасфэра — чыста базарная. Лускаючы семкі, рознага веку цётачкі гандлююць золатам ды срэбрам з той жа абыякавасьцю, як гуркамі ці памідорамі. Дарэчы, зьнешні спакой гандляроў — абсалютная праўда. Ніхто не хапае за рукавы, навязьліва прапануючы тавар.

Your browser doesn’t support HTML5

Як грузіны гандлююць




Новы ўраджай вітамінаў


Базар каштоўнасьцяў

Асаблівай санітарыяй базары не адзначаюцца




















Пры гэтым камунікабэльнасьць тутэйшых людзей зашкальвае. Знаёмства ў чарзе, на базары, проста на вуліцы — рэч элемэнтарная. Калі даведваюцца, што вы зь Беларусі, жаданьне дапамагчы ўзмацняецца шматкроць. Пра беларусаў адгукаюцца выключна станоўча. Хтосьці яшчэ за савецкім часам прывозіў на Камароўку апэльсіны, шмат у каго ў Беларусі дагэтуль жывуць сваякі. Дзядзечка з чаргі расказаў, што ў яго ў Менску дачка, і захваляваўся, чым нас пачаставаць. А гандляр тытунём сказаў, што пасьля дэмабілізацыі з ГДР ляцеў… праз Брэст. Пары гадзін хапіла, каб палюбіць Беларусь.

Гандляр тытунём

Рэнат за пару дзён стаў сваім чалавекам

А вось стаўленьне да Расеі, дакладней — да яе вышэйшага кіраўніцтва, падкрэсьлена халоднае. Кажуць, што імпэрыі, у 30 разоў большай колькасна, не да твару быць агрэсарам у дачыненьні да маленькага суседа. Але да шараговых расейцаў ставяцца зычліва, чакаюць як турыстаў. Грамадзянін Расеі можа прыляцець і адкрыць візу наўпрост у аэрапорце. А вось грузінам трапіць у Расею практычна немагчыма — візы даюць толькі самым блізкім сваякам.

Прэзыдэнцкая рэзыдэнцыя

Агульныя настроі выяўляюцца і ў творчасьці. Папулярная сэрыя плякатаў і паштовак з сэрыі "Stop Russia". Грузінскія мастакі падаюць уласнае бачаньне таго, як расейскі бот мэтанакіравана топча малыя народы, якія асьмельваюцца падаць голас у абарону ўласнай ідэнтычнасьці.