Дзяніса Дашкевіча пасадзілі на 5 сутак за абвестку пра маўклівы пратэст

Ілюстрацыйнае фота

Грамадзкі актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч другі раз апынуўся за кратамі. Яго арыштавалі на 5 сутак паводле пастановы суду быццам бы за абразу міліцыянтаў і непадпарадкаваньне ім.

Жонка Дашкевіча сьцьвярджае, што позна ўвечары Дзяніс выйшаў зь сябрамі з кавярні пакурыць. Тут да яго падышлі міліцыянты й запатрабавалі ехаць зь імі. Калі актывіст папрасіў іх назвацца, яны груба схапілі яго й павезьлі.

На пачатку ліпеня спадар Дашкевіч ужо адседзеў 5 сутак адміністрацыйнага арышту. На сайце, які ён рэдагуе, тады была зьмешчаная абвестка, што ў горадзе пройдзе маўклівая акцыя салідарнасьці. Дзяніса абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і адправілі за краты.