Лукашэнка: краіне цяпер найбольш патрэбныя інжынэры

Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 9 жніўня, прымаючы міністра адукацыі Беларусі Сяргея Маскевіча.

Аляксандар Лукашэнка сказаў: "Трэба паглядзець, каго мы рыхтуем. Нам сёньня найбольш патрэбныя спэцыялісты-інжынэры. А няма куды дзець юрыстаў, эканамістаў, палітолягаў — хутка мы іх усіх не працаўладкуем. Але, ведаючы пра гэтую сытуацыю, мы, тым ня менш, працягваем іх рыхтаваць. Гэта непарадак, трэба мяняць сытуацыю".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў незадаволенасьць і якасьцю адукацыі ў вышэйшых навучальных установах: "Баюся памыліцца, але можна сказаць, што прыкладна на траціну мы вучым студэнтаў таму, што пасьля ім абсалютна не спатрэбіцца ў жыцьці".

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць дэталёва прааналізаваць сытуацыю, якая складаецца ў вышэйшай адукацыі.