Freedom House: Захад мае падрыхтаваць пакет дапамогі Беларусі

  • БелаПАН
Захад павінен падрыхтаваць пакет эканамічнай і палітычнай дапамогі для Беларусі на выпадак сыходу Аляксандра Лукашэнкі з улады. Аб гэтым заявіў старшыня амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр, выступаючы ў камітэце замежных справаў Кангрэсу ЗША 26 ліпеня.

Аб гэтым паведаміла прэс-служба амбасады ЗША ў Менску.

"Несумненна, Аляксандар Лукашэнка ходзіць па самым тонкім лёдзе за ўсё сваё палітычнае жыцьцё, і мы, магчыма, будзем сьвяткаваць яго сыход з улады", – заявіў Крэймэр.

Паводле яго слоў, "цяжкасьці, перажываныя цяпер беларусамі, прымушаюць многіх зь іх пратэставаць на вуліцах, ня гледзячы на рызыку атрымаць калецтва і трапіць у турму". "Гэта расьце незадаволенасьць і разьняволеньне людзей па ўсёй краіне, а ня толькі ў Менску, і паказвае, што беларусы вырашылі больш не баяцца", - лічыць Крэймэр.

Ён таксама адзначыў, што ўзровень падтрымкі Лукашэнкі насельніцтвам упаў ніжэй за 30% – гэта самы нізкі паказбнік з часу яго прыходу да ўлады ў 1994 годзе.

Паводле Крэймэра, зыход падзей у Беларусі мае вялікае значэньне для ЗША і Эўропы: наяўнасьць жорсткай дыктатуры "супярэчыць бачаньню адзінай, свабоднай і мірнай Эўропы, якое існавала дзесяцігодзьдзямі".

"Калі Лукашэнка паспрабуе падоўжыць сваё кіраваньне шляхам продажу каштоўных эканамічных актываў краіны Маскве, ён аслабіць незалежнасьць і стабільнасьць Беларусі, – сказаў Крэймэр. – Вось чаму, узмацняючы ціск на рэжым, Захад таксама павінен падрыхтаваць пакет эканамічнай і палітычнай дапамогі на выпадак, калі Лукашэнка ўцячэ з краіны або будзе адхілены ад улады тым ці іншым чынам. Асяродзьдзе Лукашэнкі павінна ведаць, што за сыходам Лукашэнка наступіць сьветлая будучыня".

"Для таго, каб Беларусь заняла сваё законнае месца як эўрапейская нацыя-дзяржава, неабходна безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных, адмена рэпрэсіўных мер бясьпекі, падтрымка незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці, павага да вяршэнства закону і свабодныя і канкурэнтныя выбары", – падкрэсьліў старшыня Freedom House.