Вярхоўны суд прыме рашэньне па скарзе БХК

28 ліпеня Вярхоўны суд агучыць рашэньне па скарзе Беларускага Хэльсінскага камітэту на другое ў гэтым годзе папярэджаньне Міністэрства юстыцыі.

Старшыня БХК Алег Гулак паведаміў БелаПАН, што пазыцыя Міністэрства юстыцыі і пракуратуры, выказаная падчас пасяджэньня 27 ліпеня, "не дазваляе нам спадзявацца на задавальненьне скаргі".

Мін'юст вынес другое ў гэтым годзе пісьмовае папярэджаньне БХК 6 чэрвеня. Прычынай для яго сталі "парушэньні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар".

Канфлікт паміж падатковай інспэкцыяй і БХК, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыяй, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспэкцыя прад'явіла прэтэнзіі да БХК за нявыплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасьці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС.

Летам 2004 года гаспадарчы суд Менска зьняў з БХК абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў па сродках, якія задзейнічаныя ў рамках праграмы ТАСІС, аднак гэта рашэньне апратэставаў намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Сьмірноў. У сьнежні 2004 года прэзыдыюм Вярхоўнага суду задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі прыкладна на 75 тысячаў даляраў. 1 лістапада 2006 года гаспадарчы суд Менска пастанавіў канфіскаваць частку маёмасьці БХК на 255 тысяч рублёў у кошт выплаты 160 мільёнаў рублёў штрафу і падатковых запазычанасьцяў.

Першае ў гэтым годзе папярэджаньне было вынесена БХК 12 студзеня. Мінюст зьвярнуў увагу на дзейнасьць аб'яднаньня пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі паведамленьне пра ціск на адвакатаў - абаронцаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня, а таксама аб іншых фактах перасьледу і запалохваньня адвакатаў у Беларусі. Паведамленьне было накіравана спэцдакладчыку ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль. Паводле Мін'юста, "меў месца распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь".