БНФ разьвітваецца са знакамітай сядзібай

Партыя БНФ у апошні дзень валоданьня цэнтральным офісам на праспэкце Машэрава, 8 у Менску правяла акцыю "Разьвітаньне зь сядзібай".

На апошнюю вечарыну ў слыннай сядзібе прыйшлі палітыкі, экс-кандыдаты на прэзыдэнта, журналісты, дзеячы культуры.

З будынку сядзібы быў зьняты бел-чырвона-белы сьцяг.

"Мы яго не згортваем, а робім перадыслякацыю. Бел-чырвона-белы сьцяг будзе лунаць і далей", – заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

Сьцены сядзібы, якую заўтра маюць забраць камунальныя службы Менску, расьпісаныя графіці: "Жыве Беларусь!", "БНФ яшчэ скажа праўду", "БНФ назаўсёды!" На вокны павязвалі бел-чырвона-белыя стужкі.










Your browser doesn’t support HTML5

Разьвітаньне зь сядзібай БНФ


Кіраўніцтва партыі запрашае празь месяц на прэзэнтацыю новай менскай сядзібы — на вуліцы Крапоткіна, 93а.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта ад БНФ Рыгор Кастусёў заявіў Свабодзе: "Па функцыянальнай прыналежнасьці новы офіс будзе выконваць усе тыя функцыі, якія выконвала ранейшая сядзіба на Машэрава, 8. Ва ўсякім разе мы будзем такую магчымасьць ствараць. Там можна будзе праводзіць і вечарыны і сустрэчы… Офіс прыстойны, месца не такое і кепскае. Зразумела, што былое памяшканьня шкада, гэта гістарычнае месца: з Машэрава, 8 пачыналася гісторыя дэмакратычнага руху Беларусі. З гэтага офіса пайшлі розныя партыі, грамадзкія арганізацыі, тут адбываліся імпрэзы, выставы, канцэрты. Думаю, што зь цягам часу мы на гэты офіс вернемся. Але я не думаю, што там будзе партыйная сядзіба, таму будзе музэй беларускай дэмакратыі".

Віктар Івашкевіч гэтак ацаніў пазбаўленьне ўладамі сядзібы БНФ: "Думаю, што гэта дадатковая нагода не сядзець па офісах, а выходзіць на Плошчу і выводзіць з сабою туды людзей. Была б салідарнасьць, а памяшканьні для яе праяўленьня знойдуцца… Рэжым на ўсе захады і спробы наладзіць зь ім дыялёг паказвае, што гэта яму не патрэбна. Гэта адказ тым, хто марыў пра нейкія дыялёгі. А выснова такая: наперад, зьбіраем людзей на Народны сход 8 кастрычніка. І ў тым ліку адбярэм назад гэтае памяшканьне".

Валеры Буйвал, адзін зь лідэраў КХП БНФ: "Гэтае памяшканьне не было сядзібай БНФ і не было "выспай свабоды пасьля 1999 года, калі сапраўдны Беларускі народны фронт псэўдадзеячы выдалілі адтуль, уставіўшы ноччу новыя замкі… А з другога боку палітык ня мае права на сантымэнты, у тым ліку і да гэтага будынку".