Курсанты міліцыі спрабавалі ўвайсьці ў кватэру да журналісткі

Да незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай сёньня наведаліся двое курсантаў магілёўскага каледжу міліцыі. Паводле дзяўчыны, яны прад’явілі дакумэнт, які надае ім паўнамоцтвы ўчастковых міліцыянтаў.

Скрабунова: “Гэты былі зусім маладыя хлопцы. На парог свайго дома я іх не пусьціла, хаця яны й спрабавалі прайсьці. Я запатрабавала, каб яны патлумачылі мэту свайго візыту. Сказалі, што ў іх заданьне агледзець кватэру, дзе я жыву і правесьці прафіляктычную гутарку, каб ёю папярэдзіць пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах і пакараньні, якія за гэты ўдзел прадугледжвае заканадаўства. Я ім сказала колькі пакояў у кватэры, выслухала іх. Нічога не падпісвала. Сказалі, што я не адна такая да каго яны павінны яшчэ завітаць. У іх сьпісе я ўбачыла больш за пяць прозьвішчах з адрасамі”.

Аліна Скрабунова адседзела 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачваньня ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці 3 ліпеня й супраціве міліцыянтам пры затрыманьні. На афіцыйны дзень незалежнасьці яна выконвала рэдакцыйнае заданьне магілёўскага парталу 222.by. 21 ліпеня абласны суд не задаволіў яе скаргу на вырак Ленінскага суда Магілёва.