У Вільні працягваюцца акцыі салідарнасьці

  • Тацяна Поклад
Да замежных акцыяў салідарнасьці з удзельнікамі "маўклівых пратэстаў" у Беларусі далучылася Літва. У Вільні сёньня прайшла чарговая акцыя. Раней актывісты прыходзілі да амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве, але ад мінулага тыдня акцыі праводзяцца на пэроне віленскага чыгуначнага вакзалу, зь якога штовечар адыходзіць цягнік на Менск.

Каля двух дзесяткаў удзельнікаў прайшлі моўчкі з воплескамі па пэроне і правялі цягнік на Менск. На разьвітаньне актывісты разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, цягнік правялі воклічам "Жыве Беларусь!".

Людзі на пэроне і ў цягніку таксама пляскалі разам з удзельнікамі акцыі.

"Мы ведаем, што гэта азначае і падтрымліваем", - патлумачылі студэнты, якія праводзілі сяброў. — Мы ня ўдзельнікі, але мы далучаемся, таму што мы ня згодныя з тым, што адбываецца ў Беларусі, мы супраць цяперашняй улады".

"Усе віленскія беларусы, якім неабыякавая радзіма, далучаюцца. Гэта акцыі, якія ня маюць аднаго арганізатара, мы ўсе разам. А лёзунгаў і плякатаў сапраўды ўжо ня трэба, усім усё зразумела. Жыве Беларусь і ШОС!", — сказаў пасьля акцыі адзін са старэйшых віленскіх беларускіх грамадзкіх дзеячоў Хведар Нюнька.

Акцыі ініцыявалі беларускія актывісты, якія знаходзяцца ў Вільні з-за палітычнага перасьледу на радзіме, з Дому аб'яднанай Беларусі і зь Беларускага грамадзкага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літве, да іх далучыліся студэнты, моладзь, віленскія беларусы з Таварыства беларускай культуры ў Літве. Арганізатары кажуць, што цяпер кожную сераду менскі цягнік, які адпраўляецца у 19.05, будуць праводзіць зь Вільні воплескамі.

Your browser doesn’t support HTML5

Воплескі ў сераду на вакзале ў Вільні



фота: "Эўрапейская Беларусь"