Магілёў: Маладафронтаўца звольнілі з працы

Магілёўскі актывіст зарэгістраванай у Чэхіі грамадзкай арганізацыі "Малады фронт" Валянцін Лабачоў застаўся бяз працы. Учора хлопец выйшаў на волю пасьля 12 сутак адміністрацыйнага арышту, а сёньня даведаўся, што звольнены.

Адпрацаваць на прыватным кравецкім прадпрыемстве актывіст пасьпеў толькі тры дні. 6 ліпеня яго затрымалі непадалёк ад месца, дзе ў Магілёве традыцыйна праходзяць маўклівыя акцыі пратэсту. Сёмага ліпеня судзьдзя Ленінскага суду Станіслаў Шандаровіч пакараў актывіста за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

"Я рабіў рознарабочым. Кіраўнік прадпрыемства нават не пасьпеў выдаць загад аб маім уладкаваньні, як мяне пасадзілі. Пакуль я знаходзіўся ў ізалятары, мне знайшлі замену. Без праблемаў сёньня выплацілі заробак за тры дні. Ні на кога я не наракаю. Гэта прадпрыемства, і яно павінна працаваць. Буду думаць, куды ўладкавацца на працу зноў. Падумваю вучыцца", пракамэнтаваў сваё звальненьне Валянцін Лабачоў.

Ні на кога я не наракаю. Гэта прадпрыемства, і яно павінна працаваць. Буду думаць, куды ўладкавацца на працу зноў. Падумваю вучыцца

18 ліпеня звольнілі з працы яшчэ аднаго вязьня магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня Аляксандра Цалюка. У няволі хлопец больш за трое сутак галадаў на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня. Не даседзеўшы тэрміну, атрыманага ад таго ж судзьдзі Шандаровіча, Цалюк страціў прытомнасьць, і яго завезьлі ў шпіталь. Пасьля выпіскі міліцыянты адмовіліся даваць даведку вязьню, што ён знаходзіўся ў ізалятары. Сказалі, што трэба даседзець увесь тэрмін. Кіраўніцтва прадпрыемства, дзе працаваў Цалюк, без даведкі зьняволеньне палічыла за прагул. Зь пяці сутак арышту хлопец адседзеў чатыры.