Удзельніка маўклівай акцыі ў Берасьці жорстка зьбілі

Юры Бацук

Жыхара Берасьця, які абараняў ад людзей ў цывільным каардынатара "Маладой Беларусі" па Берасьцейскай вобласьці Юр'я Бацука і быў зьбіты, арыштавалі на 15 сутак.

Пра гэта распавёў "Свабодзе" удзельнік маўклівай акцыі Юры Несьцер, які таксама адбываў арышт і выйшаў на волю.

"6 ліпеня Юр'я Бацука адбіць мы не змаглі, бо наляцела каля шасьці чалавек у цывільным. Каля чатырох баендыдатаў наляцелі на Алега. Яго скруцілі і кінулі на міліцэйскі легкавік, а потым у аўтазак. Гэтага маладога мужчыну завуць Алег, ён мае свой бізнэс у Берасьці. Я быў зь ім у адной камэры. У аўтазаку, як мне распавёў Алег, яго кінулі на падлогу і пачалі біць і таптаць нагамі. Міліцыянты зламалі яму палец, магчыма, зламалі рэбры і пашкодзілі іншыя органы, разьбілі акуляры. Потым адвезьлі ў міліцыю".

Паводле Юр'я Несьцера, Алега абвінавацілі па двух адміністрацыйных артыкулах: за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці і за супраціўленьне супрацоўнікам міліцыі. Яго пакаралі арыштам на 15 сутак.

Алег дагэтуль адбывае зьняволеньне ў ізалятары часавага ўтрыманьня Ленінскага раёна Берасьця.

15 ліпеня Ленінскі раённы суд Берасьця прысудзіў штраф памерам 40 базавых велічынь каардынатару "Маладой Беларусі" па Берасьцейскай вобласьці Юрыю Бацуку.