Дэпутат Бундэстагу ўзяў шэфства над Эдуардам Лобавым

Эдуард Лобаў

Намесьнік старшын і фракцыі вольных дэмакратаў у нямецкім парлямэнце, сябра бюджэтнага камітэту Бундэстагу Флярыян Тонцар заявіў, што далучаецца да кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі" і зьбіраецца ўсяляк падтрымліваць актывіста апазыцыйнага руху "Малады фронт", палітвязьня Эдуарда Лобава.

"Як былы прэсавы сакратар фракцыі вольных дэмакратаў па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе ў папярэднія парлямэнцкія тэрміны я на працягу некалькіх гадоў зь вялікай заклапочанасьцю сачу за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі", заявіў Флярыян Тонцар.

23-гадовы Эдуард Лобаў разам са сваім паплечнікам па "Маладым фронце" Зьмітром Дашкевічам, паводле нямецкага парлямэнтара, быў беспадстаўна і гвалтоўна затрыманы невядомымі асобамі летась 18 сьнежня, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, а сёлета ў сакавіку асуджаны на турэмнае пакараньне паводле ілжывага абвінавачаньня ў злосным хуліганстве на чатыры гады калёніі, што "дэманструе ў поўнай ступені здушэньне палітычнай апазыцыі рэжымам Лукашэнкі".

"Дзеля таго каб такія маладыя людзі, якія змагаюцца за свабоду і грамадзянскія правы ў сябе на радзіме, не былі кінутыя на волю лёсу, дзеля іх падтрымкі я і бяру шэфства над асуджаным беларускім апазыцыянэрам Эдуардам Лобавым і патрабую неадкладна вызваліць яго і зьняволеных з палітычных прычынаў сяброў "Маладога фронту", адзначыў нямецкі палітык.

Кампанію "Шэфства над палітвязьнямі" ініцыявала некалькі месяцаў таму праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights" са штаб-кватэрай у Боне. Мэта кампаніі — забясьпечыць кожнаму палітзьняволенаму ў Беларусі і яго сям’і маральную ды іншую падтрымку ад нямецкіх парлямэнтароў. Тыя бяруць на сябе абавязак сачыць за праблемамі "падшэфнага" палітвязьня, дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна, ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра палітзьняволеных у Беларусі, каб дамагчыся іх вызваленьня.

Раней да кампаніі далучыліся экс-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту і фундацыі імя Адэнаўэра Ганс-Герт Пётэрынг, дэпутатка Бундэстагу Марына Шустэр, нямецкі парлямэнтар і дэпутат ПАРЭ Мануэль Cарацін, сябра Эўрапарлямэнту Міхаэль Галер, нямецкія парлямэнтары Крыстофэр Штрэсэр, Франц Цёнэс, Марылюіза Бэк, польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі. Яны ўзялі шэфства над палітвязьнямі: Алесем Кіркевічам, Паўлам Вінаградавым, Мікітам Ліхавідам, Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам, Аляксандрам Атрошчанкавым, Міколам Статкевічам, Андрэем Саньнікавым, Зьмітром Бандарэнкам.