Г.Клінтан заклікае да салідарнасьці з удзельнікамі пратэстаў у Беларусі

Сытуацыя ў Беларусі займае важнае месца ў візытах дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан у краіны Цэнтральнай Эўропы.

Выступаючы сёньня ў вугорскім парлямэнце, Гілары Клінтан сказала, што сталыя дэмакратыі павінны "падзяліцца сваім вопытам з новымі дэмакратыямі Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, выказаць салідарнасьць з тымі, хто выходзіць вуліцы з пратэстам у Беларусі, у Лівіі і ў іншых краінах сьвету".

Пазьней сёньня дзяржсакратар ЗША наведае Вільню, дзе на нарадзе краін «Супольнасьці дэмакратый» яна, як чакаецца, закліча эўрапейскія краіны ўзмацніць ціск на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.