Парад каштуе каля ста тон самай таннай каўбасы

У вайсковым парадзе 3 ліпеня ў Менску будзе задзейнічана каля трох тысяч вайскоўцаў і больш за 130 адзінак баявой тэхнікі.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, перадае БелаПАН.

У парадзе таксама возьмуць удзел вайскоўцы і тэхніка ўзброеных сіл Расеі.

Рэпэтыцыі параду пройдуць у ноч з 27 на 28 чэрвеня і з 30 чэрвеня на 1 ліпеня. У сувязі з гэтым будзе абмежаваны рух транспарту.

Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў адказаў грамадзкаму аб'яднаньню "Рух "За свабоду", якое заклікала ўлады адмяніць вайсковы парад у сувязі з эканамічным і палітычным крызісам у краіне.

У артыкуле, апублікаваным у "Беларускай ваеннай газэце", Уладзімер Макараў напісаў, што прапанаванай апазыцыянэрамі эканоміі сродкаў хапіла б на тое, каб выдаць кожнаму жыхару Беларусі ня больш як па 10 грамаў каўбасы.

"Вось яна — мяжа летуценьняў апазыцыянэраў — запаветная каўбаса, якую злая дзяржава адабрала ў свабодных людзей, якія пухнуць з голаду".

У гутарцы з БелаПАН Макараў не ўдакладніў, які менавіта гатунак каўбасы ўлічваўся пры падліках, але адзначыў, што гаворка ідзе пра самую танную каўбасу. Самай дарагой каўбасы, па яго словах, хапіла б ня больш як па адным граме.

Такім чынам, калі для спрашчэньня падлікаў колькасьць насельніцтва Беларусі прымаць у 10 мільёнаў чалавек, то кошт параду аказваецца супастаўным са 100 тонамі самай таннай каўбасы ці 10 тонамі самай дарогай.