China Daily: «Адключыць Лукашэнку»

Прафэсар Мічэл Арэнстайн з Цэнтру пэрспэктыўных міжнародных досьледаў Унівэрсытэту Джонса Гопкінса ў Вашынгтоне лічыць, што Міжнародны валютны фонд не павінен ратаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі новымі пазыкамі.

«Захад павінен паслаць Лукашэнку такі самы мэсыдж, які ён паслаў кіраўніку Лібіі Муамару Кадафі і прэзыдэнту Сырыі Башару аль-Асаду: Ня будзе грошай МВФ на прадаўжэньне жыцьця рэжыму. Ня будзе пазыкаў у абмен за вязьняў. Лукашэнку час сысьці», -- піша Арэнстэйн у артыкуле «Pulling the Plug on Lukashenko», апублікаваным на сайце Project Syndicate, міжнароднай асацыяцыі больш чым 400 газэтаў са 150 краінаў.

Цікава адзначыць, што надзвычай крытычны ў адносінах да беларускага рэжыму артыкул Арэнстайна перадрукавала ангельскамоўнае кітайскае выданьне China Daily, якое лічыцца рупарам афіцыйнай пазыцыі Камуністычнай партыі Кітаю ў пытаньнях замежнай палітыкі.