Ежы Бузэк пра разгон у Менску: “Сапраўдныя лідэры слухаюць голас свайго народу”

Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк сёньня асудзіў разгон “маўклівага пратэсту” ў Менску 22 чэрвеня і запатрабаваў вызваленьня ўсіх затрыманых.

“Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць пратэстоўцаў, арыштаваных учора вечарам, якія ўсё яшчэ застаюцца пад вартай або чакаюць суду. Сапраўдныя лідэры прыслухоўваюцца да голасу свайго народу; дыктатары ж зьнявольваюць яго за слушныя патрабаваньні. Зьмены прыйдуць урэшце і ў Беларусь, так як яны прыйшлі на ўзьбярэжжа Паўночнай Афрыкі. Рэпрэсіўныя захады робяць гэтыя зьмены толькі больш непазьбежнымі”, – сказаў Ежы Бузэк у адмысловай заяве.

Старшыня Эўрапарлямэнту таксама прывітаў рашэньне міністраў замежных спраў Эўразьвязу ад 20 чэрвеня ўвесьці ўпершыню мэтавыя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, зьвязаных зь беларускім рэжымам.