Дакладчыкам ПАРЭ па Беларусі стаў Андрэс Хэркэль

Андрэс Хэркэль

Палітычны камітэт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) прызначыў кіраўніка эстонскай дэлегацыі ПАРЭ, чальца саюза правых партый "Айчына – Рэс Публіка" Андрэса Хэркеля асноўным дакладчыкам па Беларусі. Пра гэта інфармацыйнаму агенцтву REGNUM паведамілі ў канцылярыі парлямэнта Эстоніі.

Раней дакладчыкам Асамблеі па Беларусі была фінская парлямэнтарка Сініка Хурскайнэн.

Паводле Хэркеля, цяперашняя сытуацыя ў Беларусі складаная, эканамічнае становішча пагаршаецца, а абмежаваньні палітычных свабодаў яшчэ больш жорсткія, чым раней. Менавіта таму Беларусь павінна зьвярнуць увагу на даклад ПАРЭ, мяркуе Хэркель.

Па-першае, лічыць эстонскі парлямэнтар, улады Беларусі павінны зрабіць ясныя высновы з сваіх парушэньняў правоў чалавека і абмежаваньняў палітычных свабодаў. Па-другое, ПАРЭ павінна працаваць у шчыльным супрацоўніцтве з Эўрапейскім парлямэнтам і Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ, каб розныя эўрапейскія арганізацыі маглі лепш каардынаваць палітыку ў дачыненьні да Беларусі.

Пазьней на сайце чытайце інтэрвію з Андрэсам Хэркелем.