"Газпром" працягне перамовы зь Беларусьсю

Перамовы кіраўніцтва Беларусі з "Газпромам" пра ўмовы набыцьця акцый "Белтрансгазу" працягнуцца на гэтым тыдні.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік старшыні праўленьня "Газпрома" Аляксандар Мядзьведзеў.

Беларуская дэлегацыя, у якую ўваходзяць першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка і міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц, наведае Маскву 21—22 чэрвеня, перадае Інтэрфакс.

Паводле Мядзьведзева, "пытаньне ня толькі ў тым, колькі будуць каштаваць 50% "Белтрансгаза", а якія будуць створаны ўмовы для эфэктыўнай працы прадпрыемства. Мы ня хочам апынуцца ў сытуацыі, калі мы разьлічваем на адны ўмовы працы, а яны могуць выявіцца іншымі. У нас ёсьць упэўненасьць, што мы зможам загрузіць яго працай". У сувязі з гэтым умовы продажу акцый "Белтрансгаза" павінны быць замацаваныя міжурадавым пагадненьнем.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў у Пецярбургу, што частка "Белтрансгаза" можа быць прададзеная "Газпрому" ў 2011 годзе.

Паводле Сямашкі, "зьдзелка павінна быць заключана ў гэтым годзе". Ён нагадаў, што кантракт па пастаўках расейскага газу на 2012—2014 гады таксама павінен быць заключаны ў гэтым годзе на новых умовах, якія выцякаюць зь міжурадавых пагадненьняў па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы. Паводле Сямашкі, жыцьцё абавязвае вольна ці нявольна зьвязваць продаж акцый "Белтрансгаза" з падпісаньнем гэтага кантракту, паведамляе сайт беларускага ўраду.

Ён паведаміў, што тэма продажу дзяржпакету акцый "Белтрансгаза" абмяркоўвалася з кіраўніком "Газпрома" Аляксеем Мілерам і бакі дамовіліся, у якім кірунку далей рухацца.

Падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што газ для Беларусі будзе каштаваць 250 даляраў за тысячу кубамэтраў.