Грэцкі прэм'ер заклікаў стварыць урад нацыянальнай еднасьці

Пратэст у Грэці

Прэм'ер-міністар Грэцыі Георгі Папандрэу заклікаў сфармаваць урад нацыянальнай еднасьці, каб забясьпечыць падтрымку пакету мераў, прыняцьця якіх патрабуе ад краіны Эўразьвяз і Міжнародны валютны фонд. Галоўнае патрабаваньне для выдзяленьня фінансавай дапамогі – барацьба з дэфіцытам бюджэту.

Раней сёньня падчас шматтысячных дэманстрацый у Грэцыі адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Пратэстоўцы закідвалі паліцыю камянямі і бутэлькамі, паліцыя ўжыла сьлезацечны газ. Дэманстранты спрабавалі заблякаваць доступ дэпутатам да парлямэнту, а таксама закідалі апэльсінамі картэж прэм’ер-міністра Папандрэу, які накіроўваўся на сустрэчу ў прэзыдэнтам.

Дзесяткі тысяч людзей на заклік прафсаюзаў сёньня выйшлі пратэставаць супраць жорсткіх мераў эканоміі ўраду. Дэманстранты патрабуюць адмовіцца ад “кабальных” на іх думку умоваў фінансавай падтрымкі Эўразьвязу і МВФ.