Забастоўка “сарвала” чэскаму прэзыдэнту юбілей

Вацлаў Клаўс.

Абвешчаная на заўтра забастоўка прафсаюзаў стала прычынай адмены юбілейнага прыёму чэскага прэзыдэнта Вацлава Клаўса. На заўтра на Праскім Градзе быў заплянаваны ўрачысты прыём з нагоды 70-годзьдзя чэскага кіраўніка. На яго былі запрошаныя вядомыя асобы грамадзкага жыцьця, дыпляматы. Некаторыя з запрошаных сёньня паведамілі, што прыём адменены.

Заўтра чэскія прафсаюзы плянуюць спыніць рух транспарту ў асноўных гарадах краіны на пратэст супраць плянаваных урадавых рэформаў – павышэньня пэнсыйнага ўзросту, падатку на даданую вартасьць, зьменаў у мэдыцынскім страхаваньні. Прэзыдэнт Клаўс, якога лічаць бацькам эканамічных рэформаў Чэхіі, намер забастоўкі рэзка скрытыкаваў. Ён прапанаваў забясьпечыць транспартаваньне людзей прыватнымі фірмамі, а забастоўшчыкаў звольніць.