Microsoft ня дасьць ФСБ кодаў Skype

Паведамленьні пра тое, што кампанія Microsoft гатовая перадаць расейскім спэцслужбам шыфравальны альгарытм сэрвісу Skype, не адпавядае сапраўднасьці. Пра гэта сёньня заявіла PR-дырэктарка расейскага прадстаўніцтва кампаніі Microsoft Марына Левіна.

Паводле Левінай, у рамках супрацоўніцтва Microsoft’у і ФСБ кампанія перадае для экспэртызы зыходныя коды сваіх праграмных прадуктаў, аднак гэта ніяк не зьвязана з крыптаабаронаю трафіку сэрвісу Skype.

У красавіку прадстаўнік ФСБ заявіў, што сэрвісы Skype і Gmail могуць несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы Расеі, бо ў іх выкарыстоўваюцца альгарытмы кадаваньня, не даступныя для расшыфраваньня спэцслужбамі. Кампанія Microsoft набыла сэрвіс Skype у траўні сёлета.