Судзяць удзельнікаў акцыі «Стоп-бэнзін»

Суд над удзельнікамі акцыі "Стоп-бэнзін". Павал Грузьдзіловіч (другі)


15.00 Аляксандра Рэдзькіна судзьдзя Хадановіч аштрафаваў на 15 базавых велічынь.


Пачаўся збор сродкаў для аплаты штрафаў удзельнікам акцыі «Стоп-бензін«. На сайце арганізатараў зьявілася інфармацыя, якім чынам можна пералічыць грошы.


13.20 Паўла Грузьдзіловіча аштрафавалі на 700 тысяч рублёў. Яго судзіў Валеры Есьман. У судзе абедзенны перапынак. Ад 14.00.

12.30 Алесю Макась ашрафавалі на 525 тысячаў. Судзьдзя — Хадановіч.

12.27 Дзьмітрыя Кавалгіна аштрафавалі на 700 тысячаў рублёў. Спэцназавец міліцыі Раман Шарбецкі, які яго затрымліваў і выступаў у судзе сьведкам, не пазнаў Кавалгіна ў судзе.

Справу разглядаў судзьдзя Леанід Ясіновіч.

12.10 У перапынку сьведка Сьцепаненка распавядае пра дзеяньні спэцназу міліцыі. Палкоўнік Яўсееў пальцам паказваў сваім падначаленым, каго затрымліваць. Сьцепаненка кажа, што затрымлівалі ня толькі ўдзельнікаў акцыі, але і тых, хто падтрымліваў іх.

11.50 Першай разглядаюць справу Дзьмітрыя Кавалгіна. Сьведка міліцыянт заявіў, што на акцыі Кавалгін трымаў плякат з эмблемай акцыі «Стоп-бэнзін». Кавалгін кажа, што такога не было. Сьведка Сьцепаненка абверг словы міліцыянта і падцьвердзіў паказаньні Кавалгіна. Судзьдзя абвясьціў кароткі перапынак.

11.05 Яшчэ адзін затрыманы — Аляксандар Рэдзькін. Ягоная жонка Яўгенія распавяла ў судзе, што 7 чэрвеня яны назіралі за акцыяй «Стоп-бэнзін» у раёне маста празь Сьвіслач. Яны бачылі як спэцназ міліцыі затрымліваў дзяўчыну. Пазьней камандзір спэцназаўцаў таксама загадаў затрымаць Аляксандра.

10.40 У суд прывезьлі пяцёх затрыманых удзельнікаў учорашняй акцыі «Стоп-бэнзін». Сярод затрыманых адна дзяўчына Алеся Макась.

Алеся Макась


Павал Грузьдзіловіч

А 10-й раніцы суд Цэнтральнага раёну Менску пачынае разглядаць справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту аўтамабілістаў, якая адбылася 7 чэрвеня.

Пра гэта праз СМС паведаміў адзін з затрыманых Павал Грузьдзіловіч.

Паўла Грузьдзіловіча затрымалі 7 чэрвеня. Ноч ён правёў у турме на вуліцы Акрэсьціна.

У 20.30 на праспекце Незалежнасці каля парку Янкі Купалы была затрыманая дзяўчына з плякатам «Стоп-Бэнзін». За яе спрабаваў заступіцца актывіст АГП Зьміцер Кавалгін, якога таксама затрымалі. Іх адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менску, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

Пазьней стала вядома, што на Кавалгіна складзены пратакол аб адміністратыўным праваапарушэнні за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП РБ). Ноч ён правёў на Акрэсціна.

7 чэрвеня ў Менску адбылася чарговая акцыя «Стоп-бэнзін». Атамабілісты пратэставалі супраць рэзкага падвышэньня коштаў паліва. На знак пратэсту дзясяткі кіроўцаў перакрылі рух на праспэкце Незалежнасьці.