"Наша ніва" абскарджвае папярэджаньне Мінінфарму

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі 30 траўня разгледзіць скаргу газэты "Наша ніва" на вынесенае Міністэрствам інфармацыі папярэджаньне.

Гэтае папярэджаньне стала адной з падстаў, каб пачаць працэс аб закрыцьці газэты. Аднак гэты працэс быў прыпынены, бо рэдакцыя дамагаецца адмены вынесенага папярэджаньня, паведамляе Інтэрфакс.

Раней Міністэрства інфармацыі Беларусі падало пазовы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненьні выпуску незалежных газэт "Народная воля" і "Наша ніва". На той момант гэтыя выданьні ўжо атрымалі пісьмовыя папярэджаньні за публікацыі пра падзеі 19 сьнежня мінулага году і пра выбух у менскім мэтро 11 красавіка.

Вытворчасьць па пазове Міністэрства інфармацыі аб спыненьні выпуску "Народнай волі" таксама прыпынена ў сувязі з тым, што газэта не пасьпела абскардзіць папярэджаньне.