«Гэта раздражненьне кіраўніка, які бачыць, што эканоміка валіцца, і не гатовы пайсьці на рэформы»

Аляксандар Класкоўскі

Пасьля даволі доўгага маўчаньня Аляксандр Лукашэнка 27 траўня нарэшце выказаўся наконт дэвальвацыі і апошніх эканамічных цяжкасьцяў у Беларусі. Як выглядала рэакцыя кіраўніка дзяржавы, ці ўдалося яму супакоіць электарат? Ці можна сказаць, што Лукашэнка адэкватна разумее сутнасьць эканамічных праблемаў у краіне? Чаму Лукашэнка выказаўся рэзка супраць прыватызацыі? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
Цыганкоў: Як выглядала рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі? Ці даў ён варыянты рашэньня праблемы, ці гаварыў такія рэчы, якія могуць спадабацца электарату?

Класкоўскі: Рэакцыя Лукашэнкі мне падалася эмацыйнай і нэрвовай. Усё зноў зьвялося да разносу і пошуку ворагаў. Нават, як высьветлілася, народ ня той, бо з-за ягоных няправільных паводзінаў на спажывецкім рынку нічога ня стала.

Відаць, тая рэакцыя ад таго, што кіраўніцтва ня бачыць выйсьця з гэтай сытуацыі. Выйсьце ёсьць — гэта рэформы, але акурат рэформаў беларускае кіраўніцтва баіцца.
Выйсьце ёсьць — гэта рэформы, але акурат рэформаў беларускае кіраўніцтва баіцца.

Таму застаецца стары рэцэпт — «жэстачайшы спрос», было зноў сказана, што паляцяць галовы. І ўсё зводзіцца да андропаўскіх мэтадаў — вылоўліваць людзей у крамах у працоўны час.

Гэта толькі раздражненьне кіраўніка, які бачыць, што эканоміка валіцца, і ня бачыць сапраўднага выйсьця, і не гатовы пайсьці на рэформы.

Цыганкоў: Сярод выказваньняў Лукашэнкі я б вылучыў ягоныя словы пра тое, што прыватызацыі асноўных прадпрыемстваў ня будзе. Чаму Лукашэнка гэтак выказаўся? Можа, ён адчувае, што прыватызацыя азначае страту эканамічнай, а значыць, і палітычнай улады?

Класкоўскі: Расея прыціснула, што выклікала нэрвовую рэакцыю беларускага кіраўніка. Мы памятаем, прыяжджаў Пуцін з Кудрыным, які асабліва раздражняе беларускую ўладу, бо прапануе вельмі непрыемныя рэцэпты. І Расея адкрытым тэкстам паставіла ўмову — «хочаце крэдыт — давайце праграму прыватызацыі». І беларускі бок нібыта пагадзіўся.

Але, я думаю, прыйшло асэнсаваньне, што страта ўласнасьці — гэта страта ўлады. А дзяліцца з расейцамі ўладай Лукашэнка, відавочна, ня хоча. Але выйсьця няма — калі не ў Масквы браць грошы, то ў МВФ. А там тыя ж самыя эканамічныя патрабаваньні — структурныя рэформы і прыватызацыя. Плюс палітычныя патрабаваньні.

Так што нявыкрутка. І ад негатовасьці рэфармаваць эканоміку і ўвогуле жыцьцё ў краіне такая вось раздражнёная, нэрвовая, і я б сказаў, неадэкватная рэакцыя.