Літва зьбіраецца запусьціць тэрмінал LNG ў 2014 годзе

Літва пабудуе і запусьціць тэрмінал для рэгазыфікацыі звадкаванага газу (тэрмінал LNG) да 2014 году, заявіў прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс па выніках першага паседжаньня камісіі ў пытаньні ажыцьцяўленьня праекту названага тэрміналу.

Паводле падлікаў камісіі, кошт праекту складзе 200 мільёнаў эўра. Каля 20% гэтай сумы плянуецца пакрыць за кошт прыватнага інвэстара. Магчымасьцю інвэставаць у будаўніцтва тэрміналу цікавіцца кампанія ЗША Cheniere Energy, сьцьвярджае кіраўнік літоўскага ўраду.

Нацыянальная кампанія Klaipedos nafta, аднак, распачынае работы ўласнымі сіламі.

Будаўніцтвам тэрміналу Вільня разьлічвае зьменшыць сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі. Чакаецца, што на яго будзе пастаўляцца звадкаваны газ з ЗША, Нарвэгіі або Катару.