Радыё “Рацыя” пратэстуе супраць скасаваньня візы Яўгену Вапу

Belarus - Radio Racyya logo, 27Mar2008

Кіраўніцтва Радыё "Рацыі" распаўсюдзіла зварот з нагоды скасаваньня беларускай уязной візы кіраўніку “Рацыі” галоўнаму рэдактару штотыднёвага часопіса беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўгену Вапу.

“У гэтых дзеяньнях адміністрацыі Лукашэнкі мы бачым акт агрэсіі ня толькі супраць эўрапейскіх і дэмакратычных каштоўнасьцяў, у дачыненьні да незалежных сродкаў масавай інфармацыі, але таксама супраць беларускай меншасьці ў Польшчы”, – гаворыцца ў звароце.

Вапа зьвязвае скасаваньне візы і забарону на ўезд у Беларусь са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю: “Гэты інцыдэнт адбыўся таму, што Беларускае радыё Рацыя зьяўляецца рэальным альтэрнатыўным сродкам масавай інфармацыі для беларускіх слухачоў, незалежнымі і аб'ектыўнымі. Я ня бачу якой-небудзь іншай прычыны забароны на мой ўезд у Беларусь”.

Амбасады Беларусі і Польшчы адмовілася ад камэнтароў з нагоды інцыдэнту.
Радыё "Рацыя" вяшчае зь Беластоку на беларускай мове.