Грошы ад ЭўрАзЭС: хутка, але з умовамі

Аляксей Кудрын

Беларусь ужо ў пачатку чэрвеня можа атрымаць першы транш крэдыту з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС на $ 800 млн, паведаміў віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын на нарадзе ва ўрадзе РФ. А ўсяго сёлета Беларусь атрымае ад фонду $ 1,240 млрд.

Паводле А. Кудрына, рашэньне аб даваньні крэдыту на $ 3 млрд. на працягу трох гадоў будзе прымацца 4 чэрвеня ў рамках сустрэчы міністраў фінансаў краін СНД у Кіеве.

Кудрын таксама паведаміў, што агульны аб'ём прыватызацыйных актываў у Беларусі павінен скласьці $ 7,5 млрд.

"Будзе праведзена праграма прыватызацыі, якая павялічыць долю прыватнага сэктара ў эканоміцы Беларусі. Папярэдне мы ўзгаднілі, што аб'ём прыватызацыі будзе ня менш як $ 2,5 млрд. штогод. Гэта значыць, сумарна ў выніку праграмы $ 7,5 млрд. прыватызацыйных актываў павінна быць прадстаўлена", - сказаў расейскі віцэ-прэм'ер.

Паводле яго сьпіс актываў, якія будуць прыватызавацца на працягу бліжэйшых двух гадоў, будзе канчаткова складзены на працягу трох дзён, паведамляе "Інтэрфакс".