Прэзыдэнт ПАРЭ: «Судовыя працэсы ў Беларусі «палітычна матываваныя»

Мэўлют Чавушаглу

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Мэўлют Чавушаглу рашуча асуджае судовыя працэсы над былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі ды іншымі ўдзельнікамі масавай акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Менску. Ён назваў гэтыя працэсы «палітычна матываванымі».

Такое азначэньне ўтрымліваецца ў заяве прэзыдэнта ПАРЭ, якую сёньня распаўсюдзіла прэсавая служба Парлямэнцкай Асамблеі.

«Я заклікаю беларускія ўлады спыніць судовыя працэсы і перасьлед палітычных апанэнтаў, незалежных СМІ і недзяржаўных арганізацыяў. І першым такім крокам павінна стаць спыненьне палітычна матываваных судоў у Беларусі», гаворыцца ў дакумэнце.