Брытанскі міністар падтрымаў беларускіх палітвязьняў

Міністар Вялікай Брытаніі ў справах Эўропы Дэвід Лідзінгтон выказаў занепакоенасьць прысудам Андрэю Саньнікаву і заявіў пра салідарнасьць з палітзьняволенымі.

У паведамленьні прэсавай службы амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску гаворыцца, што міністар Лідзінгтон заявіў:

”Спадар Саньнікаў вінаваты толькі ў спробе мірна выказаць сваё меркаваньне пра сфальшаваныя вынікі сьнежаньскіх выбараў.

У нашых думках мы з сям’ёй спадара Саньнікава і з сем’ямі іншых абвінавачаных у гэтым працэсе: Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменкі, а таксама са шмат якімі іншымі сем’ямі, разлучанымі ў выніку палітычна матываваных працэсаў.

Мы яшчэ раз заклікаем Беларусь адмовіцца ад абранай ёй жа самаізаляцыі і ўстаць на шлях адпаведнасьці асноўным міжнародным стандартам правасудзьдзя і правоў чалавека”.