Актывіста Руху «За свабоду!» Мікіту Ліхавіда этапавалі ў калёнію

Мікіта Ліхавід

7 траўня зь менскага ізалятару, што на вуліцы Валадарскага, чарговым этапам адправілі ў калёнію актывіста Руху «За свабоду!» Мікіту Ліхавіда, асуджанага на 3,5 году зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня.

Маці палітвязьня Алена Лахавід паведаміла «Свабодзе»: «Мне сказалі ў ізалятары, што ноччу пайшоў этап. Але сёньня гэтак холадна, дождж, як падумаю, як іх на каленкі ставяць каля цягніка, не магу супакоіцца».

У сакавіку Мікіта Ліхавід быў прызнаны судзьдзёй Натальляй Пыкінай з Партызанскага суду Менску вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня ў Менску. Празь месяц Менгарсуд адхіліў скаргу на прысуд, якую падала адвакат Дар’я Ліпкіна. Самога Ліхавіда на разгляд скаргі не прывозілі. Адбываць пакараньне Мікіта Ліхавід будзе ў Наваполацкай калёніі.