“Беларусбанк” будзе прадаваць валюту на сацыяльныя мэты па чарзе

Нацыянальны банк Беларусі даручыў найбуйнейшаму беларускаму банку ААТ "ААБ Беларусбанк" прадаваць фізычным асобам наяўную замежную валюту на сацыяльныя мэты ў парадку чарговасьці, паведаміў начальнік управы інфармацыі - прэс-сакратар Нацбанку Анатоль Драздоў.

"Нацыянальны банк 27 красавіка накіраваў у “Беларусбанк” ліст, у адпаведнасьці зь якім, гэтаму банку дазволена адразу не прадаваць набытую ў пунктах абмену валют на памежных пераходах замежную валюту. Гэтыя валютныя сродкі будуць канцэнтравацца і накіроўвацца на сацыяльна-значныя выдаткі нашых грамадзян за мяжой: на лячэньне, аплату навучаньня і пражываньне студэнтаў, выезд у сувязі з хваробай або сьмерцю сваякоў і іншыя мэты ", – сказаў А. Драздоў. "Валюта на гэтыя мэты павінна прадавацца грамадзянам на падставе іх заяў. Пэўны парадак продажу валюты, у рамках дадзенага распараджэньня, “Беларусбанк” вызначыць самастойна", – дадаў ён.

У “Беларусбанку” пацьвердзілі, што ў цяперашні час вядзецца падрыхтоўка адпаведнага лякальнага нарматыўнага акту банку.

Паводле словаў прадстаўніка банку, мяркуецца, што будуць вызначаны дакладныя крытэрыі продажу наяўнай замежнай валюты на сацыяльна-значныя патрэбы. Пры гэтым фармулёўкі "і іншыя мэты" ў дакумэньце ня будзе.

Банк таксама не плянуе устанаўліваць ліміты продажу ў залежнасьці ад мэтаў набыцьця валюты. Заяўкі будуць разглядацца ў парадку чарговасьці і іх задавальненьне будзе ажыцьцяўляцца зыходзячы з наяўнага аб'ёму сродкаў для продажу.

Асноўным крытэрыем пры прыняцьці рашэньня аб продажы наяўнай валюты стане абгрунтаванасьць і дакладнасьць прадстаўленых заяўнікам дакумэнтаў. У банку таксама заяўляюць, што пры прыняцьці рашэньняў будуць кіравацца выразнымі юрыдычнымі азначэньнямі, напрыклад, пры заяўцы на выезд у сувязі зь цяжкай хваробай сваякоў. "Пры прастудзе замежных сваякоў, вядома, заяўка задавальняцца ня будзе. Падставай для куплі валюты ў “Беларусбанку”, у прыватнасьці, стане менавіта цяжкая хвароба сваякоў, пад гэта вызначэньне юрыдычна трапляе дакладны пералік дыягназаў", - сказаў прадстаўнік банку.

Паводле яго словаў, канчатковае рашэньне аб пазачарговай продажы наяўнай замежнай валюты, на падставе пададзеных заяў, будзе прымацца калегіяльна на пасяджэньні фінансавага камітэту “Беларусбанка”.

У банку таксама паведамілі, што заяўку на пазачарговую куплю валюты па курсе, які не больш чым на 2% перавышае афіцыйны курс Нацбанку, можна будзе падаць і ў рэгіянальных аддзяленьнях “Беларусбанку”, але рашэньне будзе прымацца яго цэнтральным апаратам.