Адэкватнасьць па-беларуску

Падзеі ў Лібіі і ўсясьветная рэакцыя на іх шмат у чым беспрэцэдэнтныя. Упершыню ў гісторыі Рада Бясьпекі ААН падтрымала паўстаньне супраць дыктатара і санкцыянавала адносна яго сілавыя дзеяньні ўсясьветнай супольнасьці.

Рэакцыя кіраўніцтва Беларусі на гэтыя падзеі даволі паказальная – незвычайна асьцярожная. Для стылю Аляксандра Лукашэнкі характэрна улазіць ва усе міжнародныя крызісы. Прычым ён заўсёды абараняў дыктатараў ад унутранай апазыцыі і Захаду.

У 1999—2000 гадах падчас косаўскага крызісу і краху рэжыму Мілошавіча прэзыдэнт Беларусі лётаў у Бялград, каб падтрымаць сэрбскага лідэра, прапаноўваў яму палітычны прытулак, пасылаў праклёны на адрас Захаду, патрабаваў ад Расеі ужыць сілу і абараніць Югаславію.

У 2003 годзе, калі ЗША пачалі ваенную апэрацыю супраць Садама Хусэйна, Лукашэнка таксама кінуўся яму на падтрымку, нават не зважаючы на рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, якая асудзіла паводзіны ірацкага дыктатара. І зноў прапанаваў Хусэйну палітычны прытулак у Беларусі.

Год таму быў зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Бакіеў. Лукашэнка зноў яго абараняў, назваў тамтэйшых апазыцыянэраў бандытамі, ухваліў страляніну па людзях, якія пратэставалі, папракаў Расею і АДКБ за тое, што тыя не падтрымалі кіргіскага кіраўніка. І, у рэшце рэшт, даў Бакіеву палітычны прытулак у Беларусі.

Цяперашняя сытуацыя ў Лібіі разьвіваецца па той жа схеме. Народ выступіў супраць "законнай" улады, выкарыстоўваючы неінстытуцыйныя мэтады. У адказ Муамар Кадафі скарыстаў войска супраць паўстанцаў. Захад выступіў на баку праціўнікаў дыктатара.

Мадэль тая ж, але Лукашэнка паводзіць сябе па-іншаму. Ён маўчыць, ня кідаецца на абарону Кадафі, не прапануе яму палітычны прытулак. Да пачатку ваеннай апэрацыі заходніх кааліцыйных сілаў беларускія афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі увогуле маўчалі наконт канфлікту ў Лібіі. Таго, што было топ-навіною ва ўсясьветных СМІ, беларускія тэлеканалы спрабавалі не заўважаць. У чым прычына такога маўчаньня?

Думаю, спрацаваў інстынкт самазахаваньня. Таму што дзеяньні Кадафі перайшлі усе нормы і выклікалі абурэньне ў сьвеце. Ужываньне авіяцыі супраць уласнага народу — перабор нават для гэтага рэгіёну. З асуджэньнем Кадафі выступіў ня толькі Захад, але і Расея, Кітай (якія ня выступілі супраць рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН), Ліга арабскіх краін. Рада Бясьпекі ААН даручыла расьсьледаваньне злачынстваў Кадафі Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе. Лідэры ЭЗ патрабавалі, каб лібійскі кіраўнік адмовіўся ад улады. Старшыня Эўразьвязу Г. ван Ромпэй растлумачыў пазыцыю Эўропы вельмі дакладана і проста: Кадафі "страляў у свой уласны народ".

Нагадаю, што зусім нядаўна Лукашэнка заявіў, што калі спатрэбіцца, без ваганьняў выкарыстае войска супраць грамадзян, якія будуць пратэставаць. І вось цяпер высьвятляецца, што страляць ва ўласны народ — гэта сёньня міжнароднае злачынства, якое падпадае пад санкцыі Рады Бясьпекі і Гааскага трыбуналу.

Падзеі ў Лібіі разбураюць яшчэ адзін элемэнт сьветапогляду Лукашэнкі, ягоную карціну сусьвету. У гэтай карціне дыктатары — поўнаўладныя паны сваіх народаў, у сваіх краінах робяць усё што хочуць, і ніхто ім ня ўказ. І ўся шматгадовая палітыка самаізаляцыі афіцыйнага Менску, супрацьстаяньня зь міжнароднымі арганізацыямі (АБСЭ, ААН, Рада Эўропы) — гэта імкненьне Лукашэнкі пазбавіцца любога кантролю звонку за сваёй уладай.

Дзеяньні міжнароднай супольнасьці супраць Лібіі беларускі лідэр успрыняў як пагрозьлівае папярэджаньне.

Адэкватная ацэнка.