Заўвагі Літвы да беларускай АЭС

Падрыхтаваная Беларусьсю справаздача аб узьдзеяньні заплянаванай атамнай электрастанцыі на навакольнае асяродзьдзе, ні на што не прыдатная, паведамляе Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы.

Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце, які быў накіраваны беларускаму боку, у ім выкладзеная афіцыйная пазыцыя Літвы, паведамляе DELFI са спасылкай на lrt.lt.

"Прасьцей кажучы, яшчэ раз пасылаем ясны, недвухсэнсоўны сыгнал аб тым, што мы не ўхваляем справаздачу – і разам зь ім плянаванае будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў 50 км ад Вільні", – сказаў міністар Гедымін Казлаўскас.

Па словах міністра, Беларусі пасылаюць сыгнал, што Літва будзе актыўна абараняць сваю пазыцыю на міжнароднай арэне – што рабілі і да гэтага часу.

"Мы ўжо неаднаразова рабілі і ў найбліжэйшай будучыні зробім усё магчымае, каб была пачутая наша пазыцыя, каб ўлічылі нашы прэтэнзіі і заўвагі", – сказаў Казлаускас.

У дакумэнце абапіраюцца на заўвагі літоўскіх кампэтэнтных ведамстваў. Асноўную ўвагу надаюць некалькім істотным момантам.

Першае, у справаздачы, прадстаўленай Беларусьсю, не дасьледуюць крытэры выбару пляцоўкі і альтэрнатывы.

Другое, справаздача не ацэньвае і не аналізуе сумарныя маштабы радыяцыі ў выпадку магчымых інцыдэнтаў.

Трэцяе, у справаздачы няма дастатковай колькасьці дадзеных аб геалягічных, сэйсмалягічных і сэйсматэктанічных характарыстыках пляцоўкі.

Чацьвёртае, не дасьледаванае пытаньне перапрацоўкі паліва і яго захоўваньня.

Пятае, Астравецкую пляцоўку не ацанілі з пункту гледжаньня магчымасьці тэрарыстычнай атакі пры дапамозе цяжкага самалёта.

Шостае, недастаткова дасьледаванае ўзьдзеяньне АЭС на Астравецкай пляцоўцы на экасыстэму і гідралягічны рэжым ракі Нерыс (Віліі) у сувязі з тэрмічным забруджваньнем.

Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя нагадвае, што Літва прадставіла Беларусі заўвагі ў сувязі са справаздачай яшчэ ў траўні 2010 году, таму ў адпаведнасьці з канвэнцыяй ААН Беларусь павінна правесьці ў Літве публічнае абмеркаваньне і двухбаковыя кансультацыі. Да гэтага часу Беларусь ігнаравала заклікі Літвы аб правядзеньні кансультацый.