“Аўтарадыё”: адключылі за 2 дні, праз колькі адновяць вяшчаньне?

Тыдзень таму Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўднымі папярэджаньне Міністэрства інфармацыі, вынесенае на адрас “Аўтарадыё”, і пастанову камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні аб адключэньні перадатчыка. Як хутка “Аўтарадыё” можа аднавіць эфірнае перадаваньне?

Ад папярэджаньня Міністэрства інфармацыі і абвінавачаньня “Аўтарадыё” ў экстрэмісцкіх закліках, вынесенага 10 студзеня, да выключэньня, так бы мовіць, эфірнай кнопкі 12 студзеня прайшло ўсяго два дні. Генэральны дырэктар “Аўтарадыё” Юры Базан удакладняе:

“Давайце будзем сумленнымі: выключылі на трэці дзень. 10 студзеня было папярэджаньне, 11 – пастанова камісіі, і толькі 12 студзеня выключылі перадатчык. Так што працэс быў доўгі... (сьмяецца). І кнопак было чатыры, а не адна”.

Карэспандэнтка: “А ўключэньне?”

Базан: “Нават ужо і афіцыйная прэса – я маю на ўвазе БелТА – паведаміла, што пастанова Вышэйшага гаспадарчага суду была на карысьць “Аўтарадыё”, але пакуль у Міністэрства сувязі мы не аднясем рашэньня суду на паперы, яны ня будуць чыніць нічога”.

Падчас судовага паседжаньня судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Валеры Шобік зачытваў толькі кароткую выніковую частку рашэньня, а цалкам рашэньне па даволі аб'ёмных слуханьнях павінна быць аформленае пісьмова. На гэта судзьдзю адводзіцца 5 працоўных дзён, потым дакумэнт адпраўляецца фігурантам справы па пошце. Пакуль што ў Дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі, якая і павінна уключыць тую самую эфірную кнопку, дакумэнту няма. Супрацоўнік аддзелу радыёперадаваньня і спадарожнікавай сувязі на пытаньне, калі тэарэтычна можа быць уключаны перадатчык “Аўтарадыё”, адказаў наступнае:

“Я вам ня буду на гэтае пытаньне адказваць. Гэта не ў маёй кампэтэнцыі, скажам так”.

Дарэчы, інфармацыю пра незадаволенасьць Мінынфарму пастановаю Вышэйшага гаспадарчага суду БелТА зьмясьціла чамусьці ў рубрыцы “Бясчынствы апазыцыі”. БелТА працытавала міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага: “Я крайне зьдзіўлены вынікам гэтага разбору. Прынятыя судзьдзём рашэньні не лічу справядлівымі... Найбліжэйшым часам мы падамо касацыйную скаргу ў калегію Вышэйшага гаспадарчага суду”.

Тэрмін падачы скаргі – цягам 10 дзён пасьля абвяшчэньня рашэньня. Паводле стану на вечар панядзелка скарга Мінынфарму ў Вышэйшы гаспадарчы суд яшчэ не паступала.

“Аўтарадыё” цяпер чакае пісьмовага судовага рашэньня, якое павінна прыйсьці па пошце найпазьней у сераду – чацьвер. Генэральны дырэктар “Аўтарадыё” Юры Базан кажа:

“Тут просты прынцып далейшых дзеяньняў: як толькі мы атрымліваем рашэньне, мы адразу ж у Міністэрства сувязі і Беларускую дзяржаўную інспэкцыю электрасувязі падаем запыт, каб яны ў тэрміновым парадку аднавілі дазвол на права эксплюатацыі перадатчыка. Вось тут і паглядзім, як працуе сыстэма ў адваротным парадку”.

Што да гатовасьці творчага калектыву, тут праблем не павінна быць, перакананы Юры Базан. “Аўтарадыё” адразу адновіць кругласуткавае перадаваньне.