Сваякі палітвязьняў просяць Пуціна заступіцца

Напярэдадні візыту прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менск сябры ініцыятыва "Вызваленьне" зьвярнуліся да яго з просьбай "распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленьню беларускіх вязьняў сумленьня".

Адпаведны ліст перададзена 14 сакавіка ў амбасаду Расеі ў Менску, паведаміла БелаПАН Вольга Бандарэнка, жонка даверанай асобы былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Зьмітра Бандарэнкі.

"Сёньня ўвесь сьвет, у тым ліку і Расея, асудзіў палітычнае самавольства і прававое бязьмежжа, зьдзейсьненае беларускімі ўладамі. 15 сакавіка Вы маеце намер наведаць Менск. У рамках гэтага візыту ня выключана ваша сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Як палітычнага лідэра вялікай краіны, мы заклікаем Вас распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленьню беларускіх вязьняў сумленьня. Сёньня ня толькі мы, іх змучаныя сваякі, але і ўвесь сьвет з надзеяй глядзіць на Вас як на чалавека, які можа спыніць зьдзейсьненую Лукашэнкам расправу над палітычнымі супернікамі і прымусіць яго паважаць элемэнтарныя правы чалавека", — гаворыцца ў лісьце.

Сваякі зьняволеных палітыкаў лічаць, што Пуцін можа ўмяшацца ў сытуацыю з мэтай "выратаваць жыцьці людзей і пацьвердзіць, што Расея — гэта сапраўды сяброўская нам дзяржава, якая ня можа заставацца ў баку, калі ў Беларусі пануе самавольства і беззаконьне".

Сакратар амбасады РФ у Менску Вадзім Гусеў пацьвердзіў БелаПАН факт атрыманьня ліста.

"Яго перадалі ў нашу канцылярыю. Даложым амбасадару, ён паглядзіць і дасьць далейшыя ўказаньні", — сказаў Гусеў.

Уладзімер Пуцін плянуе наведаць Менск 15.

Грамадзянская ініцыятыва "Вызваленьне" была створана пры канцы мінулага году сваякамі фігурантаў крымінальнай справы аб падзеях 19 сьнежня.